Ва ўкраінскіх ВНУ можна будзе вучыцца ня толькі па-ўкраінску

Цяпер замежныя студэнты атрымаюць магчымасьць вучыцца ва ўкраінскіх ВНУ ня толькі па-ўкраінску. Указ, які падпісаў новы міністар адукацыі Дзьмітры Табачнік, дазваляе ВНУ набіраць і навучаць замежных студэнтаў на замежных мовах. Новаўвядзеньня адпавядае папярэднім заявам міністра пра магчымасьць адмовы ад выключна ўкраінамоўнай адукацыі.


Дзьмітры Табачнік клапоціцца за правы нацменшасьцяў

Дазвол навучаць студэнтаў на замежных мовах Дзьмітры Табачнік тлумачыць жаданьнем павялічыць даходы ВНУ, якія яны згубілі, калі «мы ўвялі навучаньне ў ВНУ толькі на ўкраінскай мове. У нас пачаўся адток студэнтаў з арабскіх і азіяцкіх краін».

Па словах міністра, адукацыйная сыстэма згубіла шмат расейскіх студэнтаў. Але цяпер ён спадзяецца павялічыць на 12% колькасьць замежнікаў, якія будуць навучацца ў мясцовых унівэрсытэтах.

Дзьмітры Табачнік, які заняў пасаду міністра адукацыі пасьля выбраньня Віктара Януковіча прэзыдэнтам Украіны, стаў самай спрэчнай фігурай у новым урадзе. Раней ён казаў аб тым, што ўкраінскім дзецям варта дазволіць выбіраць мову навучаньня:

«Галоўны прынцып, які будзе закладзены — бацькі вучняў у школе і студэнты ў ВНУ мусяць мець права самі выбіраць, на якой мове вучыцца», — заявіў напрыканцы сакавіка Дзьмітры Табачнік.

Новы міністар адукацыі ўжо пасьпеў адмяніць дзяржаўны іспыт па ўкраінкай мове, уведзены ў часы Юшчанкі, зьмяніць канцэпцыю выкладаньня гісторыі і вярнуць ва ўкраінскія падручнікі тэрмін «Вялікая Айчынная вайна», якая была замененая ва Ўкраіне «Другой сусьветнай».

У рэакцыю на дзеяньні Табачніка ўкраінскія студэнты распачалі акцыі пратэсту па ўсёй краіне, назваўшы гэта «антыТабачнай кампаніяй». Хаця ўсход Украіны міністра збольшага падтрымаў.

Паводле korrespondent.net

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.