Ва Ўкраіне адбываюцца пратэсты з-за новага міністра адукацыі

Украіна чарговы раз раскалолася на захад і ўсход. Нагодай стала фігура новага міністра адукацыі Дзьмітрыя Табачніка. На захадзе яго называюць «паталягічным украінаненавісьнікам», а на ўсходзе вітаюць прапанову Табачніка даць школьнікам і студэнтам права выбару мовы навучаньня.

Дзьмітры Табачнік
Дзьмітры Табачнік

Каля пяці тысяч чалавек выйшлі сёньня да будынку Львоўскай абласной рады з патрабаваньнем адправіць у адстаўку новага міністра адукацыі Дзьмітрыя Табачніка. Як паведамляе агенцва Ukrainian News, мітынгоўцы трымалі плякаты з надпісамі «Мы супраць русіфікацыі!» і «Чорт у табакерцы». У час мітынгу выступоўцы называлі новага міністра правадніком прарасейскай палітыкі і турбаваліся за лёс праэўрапейскіх рэформаў ва ўкраінкай адукацыі, распачатых мінулым міністрам Вакарчуком.

У гэты ж час у будынку Львоўскай рады адбывалася паседжаньне, на якім быў прыняты зварот з патрабаваньнем неадкладнай адстаўкі новага міністра. У ёй спадар Табачнік называецца чалавекам, які

«адкрыта і сыстэмна выступае супраць асноў дзяржаўнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці — адзінай дзяржаўнай украінскай мовы, нацыянальнай гісторыі і саборнасьці».

Усход наадварот падтрымлівае новага міністра. Напрыклад, яго прызначэньне падтрымаў Савет рэктараў вышэйшых навучальных устаноў Харкаўскага рэгіёну. Акрамя таго, Табачніка падтрымалі ў Луганску і Данецку.

Львоўскія дэпутаты абвінавачваюць міністра ў адмаўленьне галадамору, падтрымкі канцэпцыі падзелу ўкраінцаў на рускіх і галічан, паведамляе «Интерфакс-Украина».

«Дзьмітры Табачнік ня толькі цалкам будзе выкараняць тыя дасягненьні, якія зрабіў Вакарчук, але таксама будзе насаджаць чужыя для Ўкраіны стандарты і каштоўнасьці. Чалавек з такімі антыдзяржаўнымі перакананьнямі ня можа займаць ніякіх пасадаў ва Ўкраіне», — гаворыцца ў звароце львоўскай рады.


Акцыя ў Кіеве. Фота Паўло Зуб’юк, Delfi.ua

Таксама пратэсты супраць прызначэньня Табачніка адбыліся ў Кіеве, дзе студэнты і актывісты Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў запатрабавалі зьняцьця з пасады міністра Табачніка і вяртаньня мінулага кіраўніка міністэрства Івана Вакарчука.

Як перадае «Интерфакс-Украина», мітынгуючыя перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта дэманстратыўна паскідалі ў мех кнігі новага міністра з намерам, па іх словах, здаць іх у макулятуру.

Новы міністар выклікае спрэчкі ня толькі ў грамадзтве, але і ў кіраўніцтве Ўкраіны. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта нядаўна заклікала Табачніка сысьці ў адстаўку.

Дзьмітры Табачнік ужо заявіў, што агульнае тэставаньне (аналяг беларускага ЦТ) будзе праводзіцца ня толькі па-ўкраінску, як тое было раней, але і на мове нацыянальных меншасьцяў (у тым ліку расейскай).

Дзьмітры Табачнік быў прызначаны на пасаду міністра адукацыі разам з астатнім кабінэтам 11 сакавіка, праз 14 дзён пасьля інаўгурацыі лідэра Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. Прозьвішча Табачніка было адзіным, што выклікала нараканьні і сьвіст у залі пасяджэньняў Вярхоўнай Рады, дзе абвяшчаўся новы склад кабінэта міністраў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0885 seconds.