Гурт IQ48 праз тыдзень прэзэнтуе інтэрнэт-сынгл «Просты хлопец»
12 красавіка адмыслова да Дня касманаўтыкі гурт IQ48 выпускае ў свабоднае пампаваньне свае новыя песьні. «Бясконцы космас, процьма далёкіх галяктык — для нас не пустыя словы, гэта ўжо практычна бы тату на плячы, гэта назаўсёды, гэта лёс! Таму для рэлізу сынгла мы абралі менавіта гэты дзень, інакш быць ня можа!» — адзначаюць музыкі.
«Сынгл мае 4 кампазыцыі. Якія? Спадзяемся, што гэта стане для вас прыемным сюрпрызам. IQ48 загучалі яшчэ больш нястрымана, драйвова і жорстка, але не ў шкоду мілагучнасьці і лірыцы! Яны таксама тут ёсьць. Пампуйце, слухайце, і, верым, усё вам стане зразумелым і простым.
Усім простым хлапцам і дзяўчатам, усім тым, хто сьмела крочыць наперад і год за годам праслаўляе свой зямны дом, мы дорым наш сынгл „Просты хлопец“! Ён пра вас і для вас!»
Новыя песьні IQ48 будуць дасяжныя для вольнага спампоўваньня з 12 красавіка на сайце NETradio.by. На сёньня ў дыскаграфіі гурта два альбомы: «Вар'яты» (2005) і «Героі» (2008), а таксама акустычны праект «Зрабі сам» (2009). Музыкі працуюць над выпускам трэцяга студыйнага альбому, а 22 красавіка выступяць на ініцыяваным імі ж дабрачынным канцэрце «Добры фэст» у менскім клюбе «Рэактар».