Бясплатную візу на Be2gether можна будзе атрымаць толькі пасьля рэгістрацыі свайго квітка
Візы ў Літву на фэстываль Be2gether для беларускіх гледачоў сёлета будуць бясплатнымі, аднак атрымаць іх будзе магчыма толькі маючы квіток, набыты ў Беларусі. На сайце фэсту адчынілася адмысловая старонка, з альгарытмам рэгістрацыі квіткоў для беларусаў. Пра гэта і іншыя навіны Be2gether распавялі на адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў Менску арганізатары фэстывалю.
Праграму міжнароднага фэстывалю «Be2gether», які пройдзе 25–27 чэрвеня традыцыйна каля сьцен замку Нарвілішкес, сёлета ўзначаляць Empire Of The Sun (Аўстралія) і Skunk Anansie (Вялікабрытанія), WhoMadeWho (Данія), Гайдамакі (Україна), Roots Manuva (Вялікабрытанія), Casiokinds (Нарвегія), Bauchkland (Аўстрыя), Рубль (Расея) і Лявон Вольскі з сольным праектам «Белая яблыня Грому».
Акрамя Вольскага зь Беларусі яшчэ запрошаная маладая каманда Open Space. Аднак арганізатары Be2gether абяцаюць, што сьпіс не закрыты і будзе пашырацца. З нашай краіны плянуецца ўдзел яшчэ 1-2 гуртоў.
На прэс-канфэрэнцыях Be2gether традыцыйна прысутнічае амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. І гэтак жа традыцыйна адным зь першых і галоўных пытаньняў да яго гучыць пытаньне пра візы.
Візы сёлета ізноў будуць бясплатныя, і працэдура іх атрыманьня зьмянілася ня значна, але дадалася папярэдняя рэгістрацыя.
Для таго, каб атрымаць візу, наведнікі фэстывалю мусяць спачатку набыць квіток, які каштуе зараз 250 тысяч. Потым зарэгістраваць яго і сябе, даслаўшы на мэйл bilety@b2g.lt наступныя зьвесткі:
- Імя і прозьвішча (напісаньне лацінкай як у пашпарце)
- Сэрыю і нумар пашпарту
- Сэрыю і нумар квітка (унізе на адваротным баку літоўскай часткі квітка)
У адказ мусіць прыйсьці інструкцыя па падачы дакумэнтаў у амбасаду. У выпадку пытаньняў трэба зьвяртацца на нумары : (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96.
На сайце Be2gether адзначана, што візы выдаюцца толькі па
квітках, набытых у Беларусі. Гэта істотна, таму што ў Літве зараз ёсьць
магчымасьць набыць таньнейшыя квіткі (прыблізна 35€). У Беларусі ж квіткі за
150 тысяч скончыліся ўжо праз некалькі гадзінаў пасьля зьяўленьня, і пазьней
падаражэюць да 350 тысячаў.
Атмасфэра і інфраструктура чацьвёртага фэстывалю Be2gether абяцае быць традыцыйна выдатнай. Сёлета там будуць усталяваныя дзьве сцэны і намёт для танцавальнай музыкі. Таксама гледачоў як і ў мінулым годзе чакае насычаная праграма мастацтваў і забавак — выяўленчае мастацтва, экстрэмальныя віды спорту, сацыяльныя праекты, дзіцячы садок, зоны chill out, цырк і многае іншае.
Чытайце на Generation.bY бягучыя навіны пра фэст, а таксама рэпартажы з трох папярэдніх Be2gether.
Фотаздымкі з прэс-канфэрэнцыі