Барды прайшліся па вясьне

У менскім Jolly Roger Cafe адбыўся вялікі канцэрт «Вясновая акустыка», які прадэманстраваў эвалюцыю вобразу і геаграфічнай накіраванасьці тыповага беларускага барда. У час імпрэзы высьветлілася, што гурт Re1ikt ужо даўна глядзіць на ўсход, Тацяна Беланогая мае праблемы з разуменьнем на захадзе, а каманда Rahis застаецца тут і нават рыхтуе сюрпрыз прыхільнікам.

Бард шаблёну дзевяностых — барадаты мужык зь гітарай і бел-чырвона-белай стужкай у валасох. Бард пачатку дзесятых — цалкам верагодна, дзяўчына зь песьнямі пра каханьне і вясну.

Такая як, напрыклад, Вольга Акуліч, што сабрала гурт сівавалосых вэтэранаў музыкі Werasen і сьпявае пра астранамічныя зьявы ды тую самую галоўную рэч на літару «к».

Хаця большасьць выступіўшых на «Вясновай акустыцы» гуртоў і адзінаасобных пэрсанажаў сябе да бардаў не прылічаюць: так, гітара акустычная ў рукі трапіла, нагода прыслухацца да паэзіі, а не электронных рыфаў.

Вось і тыя ж Rahis — разнавіднасьць рок-бардаў з добрымі вачыма і песьнямі пра трыюмф вясны і высотэхналягічных зьяваў, што ўпляліся ў штодзённае жыцьцё любога студэнта-маладога спэцыяліста.

«Пад нагамі ажыла зямля//Пад рукамі фартэпіяна//А з разьбітага ветрам акна//Далятае шум акіяну», — ці гэта ня мара-шчасьце кожнага кантынэнтальна-сухапутнага беларуса?

У мінулым годзе ў хлопцаў выйшаў інтэрнэт-сынгл «Празь Сеціва». Тады ж яны далі некалькі сольных канцэртаў і другі ўжо раз у кар’еры дабраліся да «Басовішча». Цяпер справа дайшла да паўнавартаснага альбому, які, па словах музыкаў, знаходзіцца на стадыі зьвядзеньня.

Лабадзенкаmade

Яўген Валошын, які яшчэ тры гады таму граў на кухні з суседзямі па сёньняшняй сцэне Rahis, цяпер мае гурт Handmade і сьпявае на больш прэзэнтабэльных пляцоўках. Хаця гэтым разам Яўген выступаў асобна.

Песьні для яго піша перац і круты журналюга Глеб Лабадзенка. Некалькі кампазыцый на яго вершы, дарэчы, гучалі і ў выкананьні «рахісаў». У Валошына песьні ўсё пра тое ж: пра «вельмі шчымлівае каханьне, што капец» і «Белыя-белыя-белыя дні», і ночы такія ж, толькі зь інвэрсіяй.

Re1ikt прыглядаецца да Масквы

Гурт Re1ikt хоць і пераможца апошняга музычнага конкурсу «Бардаўская восень», што адбываецца на Беласточчыне, але на бардаў падобны менш за ўсё. Гурт ад часу пераезду з Гомелю ў Менск, які адбыўся адразу пасьля перамогі, страціў большасьць удзельнікаў. Зь мінулага складу засталося толькі два музыкі. Але паступова знайшліся новыя, цяпер хлопцы будуюць пляны праз пэўны час прабівацца далей — Менск, гэта толькі чарговы прыпынак:

«Нядаўна мы з праектам Re123+ былі ў Маскве і там вельмі добра выступілі. Нас ужо трэці раз запрашаюць», — кажа фронтмэн Re1ikt Уладзімір Казлоў.

«На вялікі жаль, у нашай краіне няма сур’ёзнага рынку альтэрнатыўнай музыкі. Не магчыма жыць і зарабляць толькі ёй, каб аддавацца толькі музыцы, а хадзіць у 8 на працу, вяртацца ў 6 — гэта не для нас», — кажа Ўладзімір, які ў чаканьні выступу рэжацца ў кампутарную гульню.

Таму Re1ikt падумваюць пра Маскву, хаця зараз працуюць менавіта над беларускамоўнай праграмай. Абаяльны лідэр гурту ідзе на лінгвістычны кампраміс: тры мовы — цяперашняе поле дзейнасьці Re1ikt:

«Пакуль мы ў Беларусі, але нас не выхоўвала наша краіна і размаўляем мы, на жаль, толькі на рускай мове». Але без беларускай, як ні дзіўна, нікуды: «калі хочаш выступаць на сур’ёзных фэстах, патрэбная беларускамоўная праграма».

Беланогая пра неразуменьне палякаў

Іншы вэктар музычнай міграцыі — Тацяна Беланогая, якая даволі шмат сьпявае на Захадзе. «Ну мэнтальнасьць у вас не такая, у вас песьні сумныя», — кажуць Тацяне польскія наведвальнікі яе канцэртаў, якія і словы, па прызнаньні Тацяны, ня надта і ўспрымаюць.

«Таму вы нават не ўяўляеце, якое гэта задавальненьне — сьпяваць на радзіме для беларусаў», — са сцэны прызнаецца Беланогая ў любові да слухачоў.

Хаця тутэйшыя слухачы таксама маюць свае асаблівасьці:

«У мінулым годзе ў мяне было вельмі шмат канцэртаў у замежжы: у Аўстрыі, Нямеччыне, Польшчы. І там даволі лёгка людзі пачынаюць падтаньчываць, іх лёгка разьняволіць. У нас жа зусім інакш», — кажа Тацяна.

Наступны гурт, Alta Mente, што зь цяжкасьцю зьмяшчаецца сваім гіганцкім складам на невялікай сцэне Jolly Roger Cafe, адразу бярэцца аспрэчваць довады Беланогай.

Рыжавалосая харызма вакалісткі гурта, які ў пэўны момант пераходзіць на балканскія матывы, перамагае на час беларускую мэнтальнасьць і выклікае некалькіх чалавек з публікі таньчыць ля сцэны. Праўда, перамога нядоўгая, і разам зь вяртаньнем Alta Mente да больш клясычнага фольку, беларуская публіка губляе энэргетыку танца і разыходзіцца па месцах.

Поўны фотарэпартаж з канцэрту глядзіце ў фотаблогу Generation.bY

Фота Кацярына Безмацерных і Алесь Герасіменка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1059 seconds.