Расеец за 7 гадоў школы так і ня вывучыў беларускай мовы

Расейскаму хлопцу, што сёмы год вучыцца ў беларускай школе, пагражае неатэстацыя з-за няведаньня дзяржаўнай мовы. Бацькі вінавацяць Міністэрства адукацыі і заяўляюць аб пазбаўленьні права на адукацыю. Пра дзіўны выпадак піша kp.by — Беларусь.

Як распавядае бацька сяміклясьніка Мікалая Антоненка, сям’я хлапца пераехала з Расеі ў Беларусь у тым ліку з-за таго, што вучыць беларускую тут «патрэбы ніколі не ўзьнікала».

«Я ведаў, што беларуская мова нам не спатрэбіцца», — кажа галава сямейства, якое жыве цяпер у Менску па віду на жыхарства.

Пасьля пераезду Мікалай хадзіў у дзіцячы садок, потым пайшоў у школу, дзе ў трэцім клясе паўстала моўнае пытаньне. Зьдзіўленьне расейцаў выклікаў факт выкладаньня гісторыі Беларусі па-беларуску. Дзіцё «мову не разумела, не успрымала», таму бацькі папрасілі «для здароўя» вызваліць яго ад вывучэньня беларускай мовы. Просьба была задаволеная.

Але нядаўна стала зразумела, што проста так ад мовы не адкруціцца: кожны школьнік у дзевятым клясе здае чатыры іспыты, у тым ліку піша дыктоўку на беларускай. Цяпер бацька патрабуе вызваліць сына ад абавязковага школьнага іспыту, а таксама стварэньня матывацыі для вывучэньня мовы, бо «тут няма беларускамоўнага асяродку».

«Сёньня сын у сёмым клясе. Яму гавораць: вывучай мову, як хочаш, інакш не атрымаеш дакумэнт аб базавай адукацыі. Прапануюць нейкія падтрымліваючыя заняткі. А што яму падтрымліваць? Па сутнасьці, яго пазбаўляюць права на адукацыю. Нягледзячы на тое, самы просты і цывілізаваны варыянт — даць нам магчымасьць выбару», — лічыць бацька Мікалая.

У Міністэрстве адукацыі кажуць, што законам Беларусі "прадугледжана абавязковае вывучэньня беларускай, рускай і адной з замежных моў, за выключэньнем асобных катэгорый людзей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця". Цяпер, па словах прадстаўніка міністэрства, у школьніка няма іншага выбару, як вучыць мову, інакш ён не атрымае атэстат.

«Жахліва ўсьведамляць, што ў тваёй краіне чалавек можа жыць гадамі, ня ведаючы ня толькі тваёй роднай мовы, але не цікавіцца традыцыямі, паэзіяй, культурай. У якой яшчэ краіне такое магчыма? […] І сапраўды мы вінаватыя самі», — робіць вынік журналістка буйнейшай незалежнай рускамоўнай газэты Беларусі.

Паводле kp.by — Беларусь

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1455 seconds.