Рэгі-вечарына GreenShip: Менск у палоне дрэдаў

У нас прайшоў рэгі-фэст. З падвышанай канцэнтрацыяй дрэдаў на квадратны мэтар і няспыннымі пошукамі Афрыкі. Разам з усімі сьвяшчэнны кантынэнт шукаў Ales Bezuher.

Два знаных музычных блогеры за дальнім столікам менскай канцэртнай пляцоўкі R-club прыслухоўваліся да гукаў мазырскай каманды «Зялёныя Рукавы» і прыгадвалі мінулыя рэгі-фэсты Менску:

«Во-о-ось пяць гадоў таму быў рэгі фэст», — з падаючай інтанацыяй у голасе казаў першы блогер. І бачна было, як яго ўжо крыху затуманены погляд пераносіўся некуды ў бок афрыканскай саваны, дзе «Джо любит Джа» і непараўнальнае беларускаму «сонца яркае над галовамі».

Рэгі — рэч кансэрватыўная, каштоўнасьці, даўно закладзеныя спадарамі Бобам Марлі, Лі Пэры і іншымі, жывуць у песьнях рэгі-камандаў усіх кантынэнтаў ужо ня першае пакаленьне. Яшчэ ў канцы 80-х Олдзі з «Комитета охраны тепла» сьпяваў «Я танцую регги на грязном снегу, моя тень на твоем берегу, Африка». З тых часоў працягваюцца пошук уласнай Афрыкі, дзе заўжды ўтульна й цёпла.

Гэты канцэрт ня быў прымеркаваны да нейкай канкрэтнай даты: ні табе гадавіны сьмерці Боба Марлі, ні нават чарговай хвалі легалізацыі марыхуаны на вусьці ракі Амстэл. Проста ў Менск прыйшла вясна. Менчукі заплялі дрэды, апрануліся крыху больш яскравей і высунуліся ў начныя пошукі Джа.

Адкрыла GreenShip ужо даволі старажытная Віцебская каманда «Алмазный Фронт», якая пачынала ў Менску яшчэ ў 91-м годзе.

У момант выхаду на сцэну каманды «Мало места», якая другі год мае тэндэнцыю да распаду, але нейкім цудам дабралася ў камплекце, канцэнтрацыя дрэдаў на квадратны мэтар расла ў геамэтрычнай прагрэсіі. Асабліва вялікая іх колькасьць назіралася ў раёне сцэны. Адчувалася, што такі элемэнт уладкаваньня валасянога покрыву апошнім часам стаў асабліва папулярным чамусьці сярод дзеўчын.

Малады гурт «Зялёныя рукавы» вылучыўся першай і апошняй за вечар вакалісткай, якая кароткімі валасамі парушыла агульную жаночую тэндэнцыю. Дзяўчына была хутка ідэнтыфікаваная хлапцамі, якія неадкладна падцягнуліся да сцэны.

«Кахайце сваю жанчыну», — адразу ж адрэагавала на павялічэньне мужчынскай прысутнасьці салістка «Рукавоў».

Магілёўцы BEZ.NOT разам з клясычнымі сублімацыямі пра дачок растамана прывезьлі з гораду над Дняпром водгукі застарэлых разборак з тамашнімі героямі Mauzer’ам. Выканаўшы прэтэндуючаю на сьцёб песеньку пра белмову, чувакі выправіліся дадому.

Сярод кампазыцый амаль кожнага гурта прысутнічаў гэтакі маніфэст-сатыра на небараку, якому 25 і ён кожны дзень прыходзіць у дзевяць гадзін на працу. Бадзёрая палітінфармацыя на тэму, якім ня варта быць мэну, што слухае рэгі, звычайна абрывалася на амаль ізатэрычным закліку вызваліць розум.

Недзе ў момант выхаду маладзечанскай каманды «Botanic Project» сумненьня ў тым, што нехта яшчэ розум вызваліць не пасьпеў, амаль не заставалася. Асабліва радасна было за трубача «Botanic Project», які на момант зьяўленьня на публіцы ня толькі разабраўся з уласным розумам, але і Афрыку, была верагоднасьць, знайшоў. Што, аднак, не рабіла яго выкананьне менш выдатным.

Галоўныя «афрыканцы» вечару — менскія лідэры беларускай рэгі-тусоўкі «Адыс-Абеба» выйшлі на сцэну апошнімі. Яны ні на мілімэтар ня скінулі атмасфэру, створаную папярэднімі гуртамі, дадаўшы сваім гіпнатычным гучаньнем завершанасьць фэсту. GreenShip да плаваньня гатовы быў, адплываць у Афрыку можна было неадкладна.

Фота Julia_Fox

Глядзіце вялікі фотарэпартаж з фэстывалю reggae & ragga GreenShip у Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.