Google адмовіўся ад цэнзуры ў Кітаі
Буйнейшы пашукавік Google вырашыў зачыніць раней цэнзураваную кітайскую вэрсію свайго сайту, але зусім сыходзіць з краіны не наважыўся. Гэтае рашэньне можа прывесьці да блякаваньня ўсіх сэрвісаў кампаніі ў Кітаі.
Праз тры месяцы пасьля хакерскіх атак на кітайскія сэрвэры кампаніі, Google, насуперак ранейшым пагрозам, вырашыў не прыпыняць сваю дзейнасьць у Кітаі. Замест гэтага кампанія здымае ўсе абмежаваньні на пошук ў кітайскай вэрсіі свайго сайту.
Як гаворыцца ў афіцыйным блогу Google, карпарацыя не зьбіраецца зварочваць дасьледаваньні і разьвіцьцё ў гэтай краіне. Аднак далейшая прысутнасьць кампаніі на кітайскім рынку будзе залежыць ад наяўнасьці магчымасьці ў кітайскіх карыстальнікаў бесперашкодна шукаць праз Google.
Цяпер усе кітайскія карыстальнікі з раней цэнзураванай вэрсіі Google у Кітаі перанакіроўваюцца на свабодную вэрсію пошуку ў Ганконгу Google.com.hk. Аднак гэты сайт у любую хвіліну можа быць заблякаваны кітайскімі ўладамі, як тое здарылася з парталамі YouTube і Facebook. Для кантролю над даступнасьцю сэрвісаў Google адчыніў адмысловую старонку.
Разам са зьняцьцем абмежаваньняў Google разарваў чатырохгадовую дамову з кітайскімі ўладамі аб цэнзураваньні пошукавага кантэнту ў абмен на дазвол выйсьці на вялікі і пэрспэктыўны рынак Паднябеснай.
Абмежаваньні закраналі значымыя для кіраўніцтва Кітаю праблемы Тыбэту, Тайваню, падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе і шэраг іншых. Нагодай для адмовы ад цэнзуры стала хакерская атака, якая, на думку Google, была накіраваная на ўзлом
Прыхільнікі кампаніі падтрымалі рашэньне Google, назваўшы яго прынцыповым. У той жа момант шматлікія кітайскія студэнты і выкладчыкі расчараваныя рашэньнем зачыніць кітайскую вэрсію пашукавіка. Такім чынам, яны губляюць доступ да вялізнай колькасьці дасьледаваньняў кампаніі, піша The New York Times.
Калі ў студзені Google заявіў аб жаданьні сысьці з Кітаю, ля галоўнага офісу кампаніі сталі зьяўляюцца вянкі, якія прыносіла сюды моладзь у знак жалобы.