Музычным CD прадказваюць забыцьцё праз 5 гадоў

У бліжэйшыя тры-пяць гадоў карыстальнікі пачнуць канчаткова адмаўляцца ад сваіх CD-калекцый на карысьць сеціўных музычных сэрвісаў. Лэйблы ўжо пачалі рыхтавацца да гэтага.


8 Сакавіка 1979 г. Карпарацыя Philips прадстаўляе аптычны дыск Pinkeltje

Вялікі пераход з CD на сеціўныя каталёгі і запампоўкі на смартфоны адбудзецца ў бліжэйшыя пяць гадоў. Так сьцьвярджалі прадстаўнікі кампаніі Sony на нядаўняй канфэрэнцыі Digital Music Forum, што праходзіла ў Нью-Ёрку.

Цяпер каля 5% карыстальнікаў робяць да 80% усіх музычных запамповак у Інтэрнэце, кажуць прадстаўнікі Sony. І 60% музычнага бізнэсу Sony складае выпуск CD. Кампанія чакае, што да 2013 году гэты паказчык зьменшыцца да 20%.

Па словах экспэртаў, найбольшы інтарэс у карыстальнікаў будуць выклікаць такія сэрвісы, як Spotify і Comes with Music. Яны прадаюць доступ да каталёгаў з музычнымі трэкамі. Таксама кампаніі разьлічваюць зарабіць на дэманстрацыі рэклямы на бясплатных сэрвісах і продажы набораў з сэрыі «ўсё, што вы хацелі ведаць пра выканаўца».

Аднак ня ўсе пагаджаюцца з тэзай аб раптоўнай сьмерці CD. Першая перашкода для хуткага пераходу асноўных продажаў у Сеціва — праблемы зь перадачай ліцэнзійных правоў. З буйнымі лэйбламі ня так лёгка дамовіцца, таму жаданьне сабраць усе трэкі пад адным дахам выглядае пакуль нязьдзейсным.

Адзін з прадстаўленых на канфэрэнцыі сэрвісаў, Thumbplay, зьбіраецца вырашыць гэту праблему стварэньнем васьмімільённага каталёгу выканаўцаў і супрацоўніцтвам з галоўнымі лэйбламі і некаторымі незалежнымі кампаніямі. Сэрвіс, які зьбіраецца прадаваць доступ да ўсіх сваіх мільёнаў запісаў толькі за $10 у месяц, пакуль праходзіць стадыю бэта-тэставаньня, піша Betanews.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.