Менскі Дзень сьвятога Патрыка: па праспэкце ў клюб

Чарговае сьвяткаваньне Дня сьвятога Патрыка выявіла рост колькасьці цікаўных ірляндзкай культурай беларусаў і нежаданьне гарадзкіх уладаў бачыць на вуліцах сьцягі і шэсьці, прысьвечаныя Ірляндыі.

Адзначаць дзень сьвятога Патрыка, як тое было ў Менску год таму, са зборам удзельнікаў у прызначаным месцы і шэсьцем зь ірляндзкімі сьцягамі, улады не дазволілі. Затое беларускі прэзыдэнт павіншаваў ірляндцаў зь іх нацыянальным сьвятам, пажадаўшы ім разьвіцьця адносінаў зь яго краінай.

Але самыя адчайныя менскія ірляндцы, традыцыйна расфарбаваныя ў зялёны колер, ўсё ж вырашылі сабрацца ля помніку Янку Купале — дзе іх і сустрэлі міліцыянэры.

Спадар Патрык — адзін са сьвятых каталіцкай царквы, які зрабіў для Ірляндыі вельмі шмат выдатных спраў: ад хрышчэньня краіны да ўкараненьня танца як аднаго са шляхоў пашырэньня веры. Кажуць, у свой час Патрык дамовіўся з Богам аб тым, каб у дзень страшнага суду асабіста заняцца разборам спраў падапечных ірляндцаў.

Паступова Дзень сьвятога Патрыка стаў сьвятам усіх ірляндцаў сьвету. Што, дзякуючы моцнай канцэнтрацыі прадстаўнікоў гэтай нацыі на ўсіх кантынэнтах, зрабіла сьвята інтэрнацыянальным і папулярным у розных краінах. «Ірляндзкія» парады 17 сакавіка зьбіраюць тысячы людзей ад Нью-Ёрку да Сіднею.

На доўгія размовы з ахоўнікамі правапарадку залёнабародыя арганізатары менскага ўшанаваньня памяці сьвятога Патрыка не пайшлі. Набраўшы ў свае шэрагі некалькі дзесяткаў чалавек, яны рушылі па праспэкце Скарыны ў бок Акадэміі навук, дзе ў адным з клюбаў іх чакаў традыцыйны кубак Guinness і джыга.

У час шэсьця высьветлілася, што ў Менску ірляндзкага нашмат болей, чым тое падаецца на першы погляд. Удзельнікі шэсьця радасным гамам праводзілі кожную зялёную сотку, якая сустракалася на шляху.

А яшчэ ў нас ёсьць некалькі школ ірляндзкага танца. Кіраўнік адной зь іх, Аляксей, памятае 2001 год і першы менскі Дзень Патрыка, кале на шэсьце выходзіла па тры чалавекі.

Цяпер жадаючых далучыцца да ірляндзкай культуры стала болей. У групу Vkontakte, прысьвечаную сёлетняму сьвяткаваньню, зарэгілася больш за 1 200 чалавек. А, напрыклад, у падобную сыднэйскую групу на Facebook — толькі 600. Хто ведае, можа ў наступным годзе ўсім ім дазволяць легальна сабрацца і пагуляць па Менску?

Яшчэ здымкі з шэсьця ў Дзень сьвятога Патрыка ў Менску глядзіце ў фотаблогу

Фота Julia_Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.