Фэстываль «Be2gether 2010» — абвешчаныя хэдлайнэры, квіткі ў продажы

Праграму міжнароднага фэстывалю «Be2gether», які пройдзе 25–27 чэрвеня ля сьцен замку Нарвілішкес, узначаляць гурты Empire Of The Sun (Аўстралія) і Skunk Anansie (Вялікабрытанія). Квіткі ўжо ў продажы. Падрабязьней пра хэдлайнэраў, відэа, інфармацыя пра квіткі і візы — у публікацыі.

Гурт Empire Of The Sun грае стылёвы электра-поп, які дапаўняецца яркай візуальнай канцэпцыяй кліпаў і канцэртных шоў. Калектыў праславіўся ў роднай Аўстраліі ў 2008 годзе, а ў 2009 г. яны зрабілі самы сапраўдны фурор у Эўропе, пацьверджаньнем чаго сталі дзьве намінацыі на прэстыжныя ўзнагароды «Brit Awards». Гледачоў чакаюць касьмічныя касьцюмы, танцы рыбы-меч і надзвычайнае сьвятло.


Empire Of The Sun, кліп «Walking On A Dream» 


Empire Of The Sun, канцэртнае відэа

Гурт Skunk Anansie можна назваць адным з галоўных брытанскіх альтэрнатыўных рок-гуртоў 90-х з запамінальнай цемнаскурай вакалісткай Скін на чале. Пасьля трох пасьпяховых альбомаў яны распаліся ў 2001-м, але вярнуліся ў канцы 2009-га са зборнікам лепшых песень і адпаведнай канцэртнай праграмай, у якой прагучаць іх фірмовыя гіты, уключаючы «Weak», «Twisted», «Weep», «Charlie Big Potato», «You’ll Follow Me Down» і інш.


Skunk Anansie, кліп «Charlie Big Potato»


Skunk Anansie, кліп «You’ll Follow Me Down»

Апроч іх пацьверджаны ўдзел у «Be2gether» гуртоў «Гайдамаки» (Украіна), «WhoMadeWho» (Данія), «Bauchklang» (Аўстрыя), «Casiokids» (Нарвэгія), «Silence Family» (Літва). Таксама на фэстывалі выступіць некалькі артыстаў зь Беларусі — іх імёны будуць аб’яўлены ў красавіку.

Квіткі на фэстываль ужо паступілі ў продаж. Іх кошт будзе расьці ад 250 тысяч рублёў (на дадзены момант) да 350 тысяч рублёў у канцы траўня. Візы для грамадзян Беларусі пры наяўнасьці беларускага квітка традыцыйна будуць бясплатнымі. Чакаецца, што дакумэнты ў амбасадзе Літвы будуць прымаць зь сярэдзіны красавіка да пачатку чэрвеня, пра што будзе аб’яўлена дадаткова. Замова квіткоў і даведкі па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96, а таксама праз сайт www.soundline.by.

Чытайце на Generation.bY бягучыя навіны пра фэст, а таксама рэпартажы з трох папярэдніх Be2gether.

12:00, 19/03/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.