Сяргей Міхалок тлумачыць ідэю спрэчнага кліпа «Ляпіса Трубяцкога» «Пульс эпохи»

У Сеціве адбылася прэм’ера новага кліпа гурта «Ляпіс Трубяцкой» «Пульс эпохи». Ролік выклікаў неадназначную рэакцыю нават сярод фэнаў гурта і справакаваў бурныя спрэчкі ў Інтэрнэце: што гэта ўвогуле — мастацтва альбо хэндмэйд, інтэлектуальная правакацыя альбо цынічны трэш?

Глядзім кліп і чытаем камэнтары зь першых вуснаў — Сяргей Міхалок распавядае пра здымкі спрэчнага відэа ў піцерскім клюбе «Жопа» і адзначае сваё бачаньне самадзейнасьці й дакумэнталізму. На сёньня кліп даступны толькі ў Сеціве — усе тб-каналы, улучна з расейскім альтэрнатыўным A-One, адмовіліся браць ролік у эфір.

«Мы ўпершыню сустрэліся з Ванем Ушковым летам мінулага году, калі я здымаўся ў фільме „Звездный ворс“. Нас пазнаёмілі „номаўцы“ Андрэй Кагадзееў і Мікалай Капейкін. Здымкі адбываліся ў піцерскім бары „Жопа“, да якога Ушкоў меў самае непасрэднае дачыненьне, а гэты бар мяне проста шакаваў. Гэта было царства кічу, саўкова-мяшчанскі ўльтраабыватальскі рай з усім наборам штампаў, якія павінны быць у такім месцы: скураныя канапы, гіганцкія люстры, плякаты Сталонэ і гурта „Сентябрь“ … Пры гэтым адразу было зразумела, што ўсё гэта — канцэпцыя, што на самой справе „Жопа“ — гэта прытулак андэграўндных паэтаў.

Калі мы першы раз з Ванем размаўлялі, апынулася, што ў нас шмат агульнага ў поглядах на сучасную рэчаіснасьць, на становішча контркультуры… Я даведаўся, што ён фотамастак, ён мне падарыў некалькі сваіх работ, потым я яшчэ ў Інтэрнэце паглядзеў яго пастановачныя фатаграфіі ў стылі гіпэррэалізму, і яны мне вельмі спадабаліся. І, уласна, я амаль адразу прапанаваў Ушкову ажывіць гэтыя малюнкі, таму што яны ў мяне дакладна праасацыяваліся з песьняй „Пульс эпохи“ — у мяне былі прыкладна такія ж вобразы перад вачыма, калі я яе пісаў.

Ваня згадзіўся, таму што „Ляпісы“ яму падабаліся, ён іх у сябе ў „Жопе“ часта круціў. Ніякага сцэнарыя ў кліпа, наколькі я разумею, не было. Была проста агульная ідэя, якую мы адобрылі. А карэктывы ўносіліся пару раз па ходу справы, калі мы глядзелі папярэдні мантаж. Калі я ўбачыў тое, што зьняў Ваня, мне падалося, што ўсё гэта вельмі моцна пераклікаецца з прозай Салагуба, з раманам Дастаеўскага „Бесы“, з Мамлеевым. Рэальная „бесовщина“ атрымалася — і таму я прапанаваў уставіць у кліп яшчэ й чорта. Прычым чорта-судзьдзю („А судьи кто?“). Таму што без чорта праскоквала адчуваньне, што гэта набор сюжэтаў з „Дорожного патруля“, усіх гэтых вульгарных, пахабных, жорсткіх ТБ-праграмаў. А калі зьявіўся чорт, карціна, на мой погляд, канчаткова склалася. Кліп атрымаўся гіпэррэалістычным і фантасмагарычным адначасова.

Дарэчы, у гэтым прынцыповае адрозьненьне нашага відэа і нашага падыходу да мастацтва ад падыходу тых артыстаў, якія манціруюць свае вострасацыяльнай ролікі зь ютубаўскіх сюжэтаў. Бальзак сказаў: „Жыцьцё павінна пераймаць мастацтва, а не мастацтва жыцьцё“. Людзі часта блытаюць самадзейнасьць з дакумэнталізмам, а я не люблю самадзейнасьць. Мы займаемся арт-брутам, мы робім пастановачныя правакацыі, у іх у любым разе бачная наша пазыцыя, наша ўсьмешка, наш сарказм. Расстаўляючы правільныя акцэнты, мы факусуемся на культурным складніку, а не на „трэшы як такавым“. Мы высьмейваем і парадзіруем усе гэтыя відэа пра п’яных мянтоў або танцуючых бамжоў, якія апанавалі Сеціва. Дакладней, мы высьмейваем тых людзей, якія ўсё гэта глядзяць, ржуць і перасылаюць адзін аднаму. Я лічу, што ў рэальных відэа закладзена рэальнае зло, яно прадукуе толькі негатыўную энэргію. Калі ўсё гэта як бы „дакумэнтальнае“ гаўно становіцца часткай мастацтва, яно пачынае пладзіцца ў геамэтрычнай прагрэсіі. І чым больш мы будзем на ім канцэнтравацца, глядзець усе гэтыя ролікі і ржаць, тым больш гэтага гаўна будзе станавіцца ў рэальным жыцьці.

Нам гэта не падабаецца, мы — супраць гэтага. Таму і зьнялі такі кліп».

P. S. На гэты час гурт знаходзіцца ў туры па Беларусі з праграмай «Культпросвет». Пасьля пасьпяховых канцэртаў у Гомелі, Віцебску і Магілёве «Ляпісаў» чакае Берасьце (19 сакавіка) і Горадня (20 сакавіка).

Камэнтар прадастаўлены прэс-службай гурта

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0049 seconds.