У 2020-м кожны пяты студэнт Эўразьвязу мусіць вучыцца за мяжой

Эўрапейскія студэнты мусяць стаць яшчэ больш мабільнымі, лічаць высокія чыноўнікі ЭЗ. У Брусэлі спадзяюцца, што празь дзесяць гадоў кожны пяты эўрапеец атрымае магчымасьць часова павучыцца ў іншай краіне.

 


Прадстаўнік Гішпаніі, якая старшыньствуе ў ЭЗ, Марыюс Рубіральта лічыць Балоньскі працэс пасьпяховым праектам

Эўрапейскі Зьвяз імкнецца да падвышэньня мабільнасьці сваіх студэнтаў. Пра гэта заявіла на адукацыйнай канфэрэнцыі ў Будапэшце камісар ЭЗ па пытаньнях адукацыі Андрула Васіліу. Канфэрэнцыя была прысьвечаная дзесяцігодзьдзю Балоньскага працэсу.

Прадстаўнік Гішпаніі, якая зараз займае пасаду старшыні ЭЗ, назваў Балоньскі працэс «унікальным вопытам, за якім зь цікаўнасьцю назіраюць па ўсім сьвеце», паведаляе інфармацыйны партал eu2010.es.

Канфэрэнцыі адбывалася на фоне шматлікіх крытычных выказваньняў і выступленьняў адносна Балоньскай сыстэмы, якія былі асабліва заўважныя на фоне скарачэньняў выдаткаў на адукацыю ў некаторых краінах ЭЗ восеньню 2009 г.

Таксама ўдзельнікі канфэрэнцыі пацьвердзілі, што да 2020 года кожны пяты выпускнік эўрапейскага ВНУ павінен атрымаць магчымасьць на працягу некаторага часу навучацца ў іншай краіне, якая зьяўляецца ўдзельнікам агульнаэўрапейскай сыстэмы вышэйшай адукацыі, паведамляе Deutsche Welle.

Адной з такіх праграм абмену зьяўляецца ініцыятыва Erasmus. За 22 гады яе дзеяньня каля 3 мільёнаў студэнтаў атрымалі магчымасьць павучыцца за мяжой. Цяпер каля 4 тысячаў ВНУ з 31 краіны ўдзельнічаюць у гэтай праграме.

Па словах эўрачыноўнікаў, дасьледаваньні дэманструюць, што ўдзельнікі Erasmus разьвіваюць здольнасьці, што граюць значную ролю ў цяперашнім сьвеце: лепшыя лінгвістычныя веды, разуменьне іншых культур, самапавагу і ініцыятыўнасьць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0573 seconds.