У Беларусі зьявіцца дыплём дасьледчыка

Дыплём дасьледчыка пачнуць выдаваць у Беларусі ў выпадку прыняцьця Кодэксу аб адукацыі. На такі дыплём змогуць разьлічваць тыя выпускнікі асьпірантуры, што не атрымалі ступень кандыдата навук.

Як паведамляе БелТА, дыплём дасьледчыка плянуецца ўвесьці для стымуляваньня ўдзелу моладзі ў навукова-дасьледчай працы.

«Гэты дыплём мяркуецца выдаваць тым, хто пасьпяхова завяршыў вучобу ў асьпірантуры, але не пасьпеў у тэрмін абараніць дысэртацыю», — заявіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

Паводле яго словаў, на дадзены момант штогод са ста чалавек, якія завяршаюць навучаньне ў асьпірантуры, кандыдатамі навук становяцца каля 4.5%.

«Разам з тым асьпіранты і тыя, хто скончыў асьпірантуру, як правіла, больш падрыхтаваныя, чым выпускнікі ВНУ», — заявіў першы намесьнік міністра. Мяркуецца, што ўладальнікі дыплёму змогуць займаць больш высокія пасады — не малодшага навуковага супрацоўніка, а старэйшага, не асыстэнта, а старэйшага выкладчыка ў ВНУ.

Прапанова аб увядзеньні новага дыплёму ўнесеная ў праект Кодэксу аб адукацыі, які быў увосень прыняты ў першым чытаньні ніжэйшай палатай парлямэнту.

Паводле праекту Кодэксу, у Беларусі будуць асобна існаваць сыстэмы «вышэйшай адукацыі» і «пасьлявнуўшнай адукацыі».

Вышэйшую адукацыю прапануецца падзяліць на дзьве формы: 1-ую (дыплём спэцыяліста) і 2-ую (магістратура). Адпаведна з Кодэксам аб адукацыі, сыстэму «пасьлявнуўшнай» адукацыі падзеляць на асьпірантуру і дактарантуру.

Каб пачаць навучаньне ў асьпірантуры, неабходна будзе атрымаць дыплём магістра. У Беларусі ў 2009 годзе 2397 чалавек атрымалі такія дыплёмы.

У Балонскай сыстэме, адукацыйнай прасторы, у якую ўвайшлі ўсе краіны Эўропы акрамя Беларусі, аналяг дыплёму дасьледчыка адсутнічае. Балоньскі працэс прадугледжвае наяўнасьць трох ступеняў адукацыі: бакаляўр, магістар і доктар. Назвы ступеняў як і правілы іх атрыманьня могуць адрозьнівацца ў залежнасьці ад краіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.