Кітайскія журналісты падвучаць марксізм

Кітайскія ўлады незадаволеныя ўзрослым свавольствам мясцовых журналістаў. З мэтаю ўтаймаваць найбольш «неадказных» рэпарцёраў Пэкін уводзіць працэдуру сэртыфікацыі журналістаў, якая ўключыць вывучэньне марксісцкай тэорыі прэсы і журналісцкай этыкі.

 

Як заявіў намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па справах друку кітайскага ўраду Лі Дандон, некаторыя журналісты пагаршаюць імідж краіны, бо не прайшлі дастатковага навучаньня. Улады плянуюць выправіць гэту сытуацыю.

«Таварышы, якія зьбіраюцца працаваць на журналісцкай перадавой, павінныя вывучаць тэорыю сацыялізму зь кітайскай спэцыфікай і погляды Маркса на навіны, а таксама журналісцкую этыку і камуністычнаую дысцыпліну», — заявіў спадар Дандон афіцыйнай агенцыі Сіньхуа.

Адпаведна з камуністычнай тэорыяй, прэса мусіць падтрымліваць ініцыятывы партыі і не крытыкаваць яе дзейнасьць, каб не падрываць аўтарытэт улады.

Як паведамляе AP, кітайскія мэдыі ўтрымліваюцца пераважна дзякуючы прыбыткам ад рэклямы, якія значна вырасьлі за апошні час. Раней прэса магла выжыць толькі праз субсыдыі ўраду. Аднак практыка ўжываньня цэнзуры і перасьледу журналістаў дагэтуль працягваецца.

У сусьветным індэксе свабоды прэсы, які штогод складаецца арганізацыяй «Рэпарцёры бязь межаў», Кітай знаходзіцца на 168 месцы з 175 краін, уключаных у сьпіс. Беларусь займае 151 пазыцыю ў гэтым рэйтынгу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0515 seconds.