Падрыхтоўка да фэстывалю Sziget 2010 пачалася за паўгады
Лета не за гарамі, а гэта значыць, што пачынаецца чарада музычных фэстываляў. Адзін з буйнейшых зь іх, Sziget, адбудзецца ў гэтым годзе ў 18-ы раз. Фэстываль пройдзе з 11 па 16 жніўня на традыцыйным месцы — востраве Абудаі ў Будапэшце.
Афіцыйнай інфармацыі аб складзе сцэн (а іх у мінулым годзе было 15) і сьпісе выступоўцаў пакуль няма. Аднак фанаты штодня манітораць сайты гуртоў, іх старонкі на myspace і іншых рэсурсах, і ўжо зараз вядомыя некалькі цікавых і вядомых музыкаў, якія выступяць на фэстывалі.
Першае пацьвярджэньне прыйшло ад каліфарнійскага поп-панк гурта Blink-182, які нядаўна вярнуўся з амаль пяцігадовага творчага водпуску і плянуе прадставіць свой новы матэрыял на шэрагу эўрапейскіх фэстываляў, у тым ліку і на Sziget. Таксама аматары панка павінны зь цікавасьцю чакаць выступленьня на галоўнай сцэне легендарных брытанцаў Toy Dolls. Заснавальнікі хвалі так званага «азіяцкага андэрграўнду», гурт Asian Dub Foundation, таксама парадуе сваіх прыхільнікаў на фэстывалі. Аматараў электроннай музыкі павінна зацікавіць выступленьне ізраільскага дуэта Infected Mushroom, а мэталістаў — брытанцаў Paradise Lost. Мінулагоднія хэдлайнэры World Music-сцэны, легендарныя Orquestra Buena Vista Social, запаляць сваімі кубінскімі рытмамі і ў гэты раз.
Што ж тычыцца музыкаў зь Беларусі, зараз актыўна ходзяць чуткі аб удзеле як мінімум двух гуртоў. Уладальнікі шматлікіх узнагародаў мінулага году гурт The Toobes ужо неаднаразова заяўляў у інтэрвію аб гатоўнасьці да ўдзелу на фэстывалі Sziget. Таксама зьявілася папярэдняя інфармацыя аб запрашэньні на фэст фрык-кабарэ «Серебряная Свадьба».
Будзем спадзявацца, што гэтымі двума гуртамі беларускі дэсант на Sziget 2010 не абмяжуецца. Зараз жа кожны жадаючы можа запоўніць wishlist на сайце фэстывалю, папоўніўшы базу зьвестак арганізатараў — магчыма яны вырашаць запрасіць менавіта той гурт, які вы хацелі б убачыць.
Квіткі на фэстываль можна купіць ужо зараз, і іх кошт на дадзены момант вагаецца ад 140€ да 170€ (з намётам) на ўсе дні, ці 45€ на адзін дзень. Калі вы хочаце наведаць фэстываль і зэканоміць грошы, раім купляць квіткі ўжо зараз, бо бліжэй да фэстывалю кошты ўзрастуць і складуць ужо ад 170€ да 200€ адпаведна.
Рэпартажы зь леташняга Sziget, а таксама ўсе навіны аб сёлетнім фэстывалі, можна знайсьці ў спэцыяльным разьдзеле на сайце Ultra-Music.