Супрацоўнікі Google асуджаныя за разьмяшчэньне некарэктнага роліку

Суд Мілану прыгаварыў супрацоўнікаў кампаніі Google да шасьці месяцаў зьняволеньня за дазвол разьмесьціць на сайце відэа, на якім прадэманстраваныя зьдзекі над хворым падлеткам.

Google зьбіраецца падаваць апэляцыю на рашэньне суду, згодна зь якім трое з чатырох абвінавачаных высокапастаўленых супрацоўніка гэтай кампаніі прызнаныя вінаватымі ва ўварваньні ў прыватнае жыцьцё. Прадстаўнік карпарацыі заявіў, што вэрдыкт «ставіць крытычнае пытаньне аб свабодзе, на якой грунтуецца Інтэрнэт», паколькі ніводны з асуджаных ня меў дачыненьня да відэа, выкладзенага карыстальнікамі на сайт Google Video у 2006 годзе:

«Яны не запампоўвалі яго, яны не дэманстравалі яго, яны не праглядалі яго, але ўсё роўна былі прызнаныя вінаватымі», — перадае Reuters словы прадстаўніка карпарацыі Біла Эчыксана.


Біл Эчыксан дае камэнтар адносна прысуду

Асуджанымі апынуліся старэйшы віцэ-прэзыдэнт і кіраўнік адміністрацыйнай рады карпарацыі Дэвід Друмонд, былы сябра рады дырэктараў італьянскага Google Джордж Дэ Лос Рэес і супрацоўнік, адказны за абарону прыватнага жыцьця Пітэр Флэйшэр. Галоўнага мэнэджэра па маркетынгу Арвінда Дэсікана суд апраўдаў.

Ніводны з асуджаных не знаходзіцца цяпер у Італіі, а Джордж Дэ Лос Рэес увогуле адышоў ад спраў.

Прадстаўнікі Google заяўлялі ў час працэсу, што італійская Фэміда патрабуе ад кампаніі праглядаць усё відэа, якое запампоўваецца на яе сайты, а таксама ўвесьці цэнзуру.

На гэта абвінавачаньне адказвала тым, што справа ідзе не аб цэнзуры, а аб захаваньні балянсу паміж свабодай самавыяўленьня адных людзей і правамі іншых.

На відэа, зьнятым на мабільны тэлефон і выкладзеным у Сеціва праз Google Video, прадэманстраваныя зьдзекі школьнікаў з Турыну над сваім аднаклясьнікам, хворым на сындром Даўна. На працягу разгляду справы настаялі прадстаўнікі асацыяцыі абароны правоў людзей, хворых на гэты сындром.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.