«Ляпіс Трубяцкой» пакажа «Культпросвет» у Беларусі
Гурт «Ляпіс Трубецкой» у сакавіку зладзіць тур па Беларусі з праграмай «Культпросвет». Апроч уласна выкананьня песень у рамках двухгадзіннага пэрфомансу музыкі абяцаюць таксама правесьці масавыя літаратурныя чытаньні і вярнуць карыснае ў сфэру забаўляльнага. «Асабліва мы хацелі б бачыць на канцэртах двоечнікаў, другагоднікаў і іншыя катэгорыі няўдачнікаў!» — заклікае Сяргей Міхалок.
Альбом «Культпросвет» выйшаў мінулай восеньню (дакладней, па традыцыі быў выкладзены для бясплатнага скачваньня ў Інтэрнэт), але аднайменная праграма да гэтага часу не была афіцыйна прадстаўлена беларускай публіцы — «Ляпісы» актыўна гастралявалі па Расеі, Украіне і Казахстану.
«Гэта наша самая магутная і доўгая праграма, у якую ўвайшлі лепшыя песьні з трох нашых апошніх альбомаў, — лічыць Сяргей Міхалок. — Упершыню за сваю гісторыю граем каля 30 песень — паўнавартасны двухгадзінны вялікі рок-канцэрт. Мяне радуе, што ў Беларусі праграма паўстане ўжо ў адыграным і адточаным выглядзе — мы можам свабодна жангліраваць яе рэпэртуарнай, артыстычнай і мастацкай складнікамі».
Канцэрты «Ляпісаў» даўно выйшлі за межы банальнага абмену флюідамі і дэцыбеламі паміж «кумірамі» і «прыхільнікамі», але ў гэты раз акрамя ўсяго іншага гурт ставіць перад сабой цалкам канкрэтную асьветніцкую мэта, якая як нельга лепш адпавядае назве праграмы.
«У наш час забавы занадта часта пабудаваныя на адключэньні кагнітыўных поклічаў мозгу, у выніку чаго агульны ўзровень індывідуальнай культуры імкліва падае, — кажа лідэр „Ляпісаў“. — У межах нашых выступаў мы імкнемся вярнуць карыснае ў сфэру забаўляльнага. Таму ў нашай праграме вельмі шмат эзатэрычных і тэалягічных сымбаляў, а таксама шмат міталёгіі — ад старажытнашумэрскай да грэцкай. Нароўні з гэтым адбываюцца масавыя літаратурныя чытаньні — рэдкі від сучаснага адпачынку. Гучаць вершы Восіпа Мандэльштама, Аляксандра Блока, Вэліміра Хлебнікава, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, а таксама самага загадкавага паэта сучаснасьці Юзіка Кілевіча. Таму на канцэртах мы асабліва хацелі б бачыць двоечнікаў, другагоднікаў і іншыя катэгорыі няўдачнікаў — мы хочам пайсьці па сьлядох вялікага пэдагога Макаранкі і абудзіць у іх цягу да ведаў».
Графік тура:
- 12 сакавіка — Гомель, ГЦК
- 13 сакавіка — Віцебск, «Энэргія»
- 14 сакавіка — Магілёў, «Ліга»
- 19 сакавіка — Берасьце, Zio Pepe
- 20 сакавіка — Горадня, «Парлямант»
Паводле прэс-рэлізу