MTV перастаў лічыць сябе музычным тэлебачаньнем

Упершыню за 30 гадоў канал MTV заняўся маштабнай зьменай іміджу і адмовіўся ад брэнду «музычнага тэлебачаньня». Новае пакаленьне гатовае да зьмены канцэпцыі, лічыць кіраўніцтва каналу.

Адным музычным тэлебачаньнем у сьвеце стала меней. «Людзі, якія глядзяць канал сёньня, не асацыююць MTV з музычным ТБ», — паведаміла the Los Angeles Times кіраўніца аддзелу маркетынгу MTV Ціна Экзахас (Tina Exarhos).


Яшчэ тэлебачаньне, але ўжо не музычнае. Бывай, Music Television

Лягатып каналу, які цяпер больш вядомы дзякуючы рэаліці-шоў і мультфільмам, згубіць звыклы подпіс «Music Television». Аддзел маркетынгу даўна падумваў адмовіцца ад «олдавага» слогану, але ня сьмеў раней замахнуцца на сьвятое. Новае пакаленьне, на думку маркетолягаў, без праблем успрыме абноўлены лягатып і імідж.

У кампаніі ўпэўніваюць, што рэбрэндынг ніяк не паўплывае на цяперашнюю канцэпцыю вяшчаньня: ток-шоў і кліпы застануцца на сваіх месцах, але музычны кантэнт, бадай ужо канчаткова, атрымае статус дадатковага. Усе зьмены ў іміджы MTV плянуе завяршыць да 2011 году.

Канал ужо даўно крытыкуюць за адмову ад музычнага кантэнту. Як узгадвае часопіс Rolling Stone, абураны поп-сьпявак Джасьцін Цімбэрлейк на цырымоніі ўручэньня прэмій MTV Video Music Awards заклікаў тэлеканал вярнуцца да ранейшага рэжыму працы:

«Ну трансьліруйце больш кліпаў, каб вас чорт! Мы ня хочам глядзець 'Сімпсанаў'!» — зьвярнуўся ён да кіраўніцтва MTV.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.