NRM перапоўніў «Рэактар»

NRM 

NRM, які болей за год не ладзіў у Менску сольных клюбных выступаў, учора парадаваў прыхільнікаў вялікім канцэртам у «Рэактары». Распачаў выступ гурт у вобразе «Мроі» з праграмай, якую ўпершыню можна было пачуць летась на дваццатым «Басовішчы». Другая частка складалася з трэкаў розных альбомаў NRM, а таксама ўключала канцэртную прэзэнтацыю новай дзёрзкай песьні «Палітыка-паралітыка».

Mroja 

Амаль кожны сольны выступ беларускіх гуртоў у «Рэактары» называюць вялікім. Аднак сапраўды вялікія канцэрты ў гэтым клюбе паводле дзіўнай традыцыі вымяраюцца перапоўненасьцю гардэробу. Ведаючы гэту асаблівасьць «Рэактару», многія наведнікі імкнуліся прыехаць на канцэрт заранёў. Тыя ж, хто прыпазьніўся, у выніку насілі верхнюю вопратку з сабой альбо тулілі яе ўздоўж сьценаў. Такую колькасьць слухачоў, якая прыйшла на NRM, Рэактар бачыць рэдка.

NRM 

Папярэдні клюбны канцэрт у Менску NRM ладзіў яшчэ ў лістападзе 2008 году, але выступ у «Рэактары» зусім не нагадваў рэінкарнацыю дыназаўраў року. Гурт у цудоўнай форме і як заўжды на хвалі часу.

NRM 

«Да болю ты гэтую любіш зямлю і ціха скуголіш: “Што я тут раблю?”» — сьпявае Лявон у новай песьні «Палітыка-паралітыка».

Аднак з гэтым скептычным настроем, які пануе ў сацыяльных сетках апошнія пару гадоў, поўная заля прыхільнікаў NRM аніяк не хацела пагаджацца.

«Чаканьне дастала!» або можа ўсё ж «Сюрпрызаў ня будзе»? — запытаўся Лявон прыпыніўшы сьпеў «Тры Чарапахі».  — «Чаканьне дастала!» — крыху няўпэўнена зараўла большасьць.

NRM 

Хтосьці з прыхільнікаў у часе канцэрту разгарнуў уніз з другога паверху беларускі нацыянальны сьцяг. Ён так і вісеў увесь канцэрт, пэрыядычна трапляючы ў сьвятло ліхтароў.

NRM 

Амаль дзьвюхгадзінны канцэрт падаўся вельмі кароткім і, нягледзячы на традыцыйны рытуал выхаду «на біс», скончыўся раптоўна для разагрэтай залі. Працяг быў ужо ў вялікай чарзе на выхадзе зь клюбу, дзе натоўп сьпяваў NRM-аўскія гіты хорам.

NRM

Болей фотаздымкаў з канцэрту NRM — у фотаблогу Generation.bY.

vojur 22:10, 11/02/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.