Музычны лэйбл Warner разрывае кантракт з Last.fm

Адзін з буйнейшых лэйблаў Warner Music вырашыў спыніць супрацоўніцтва зь бясплатнымі сеціўным сэрвісамі, якія дазваляюць слухаць музыку свабодна. У выніку такія парталы, як Last.fm, Spotify і We7 застануцца без кампазыцый соцень найпапулярнейшых выканаўцаў, што выдаюцца на лэйбле.

Як заявілі прадстаўнікі лэйбла, яны лічаць сэрвісы, якія дазваляюць бясплатна слухаць музычныя трэкі, зарабляючы на паказе рэклямных банэраў, «дакладна не станоўчымі для індустрыі».

We7 і Spotify, апошні зь якіх у шасьці краінах Эўропы мае сем мільёнаў карыстальнікаў, бясплатна дазваляюць слухаць трэкі выканаўцаў, выплачваючы невялікае ўзнагароджаньне лэйблам за кожны праслуханы трэк. Аднак памер узнагароджаньня не параўнальны з даходамі, якія лэйблы атрымліваюць ад продажу трэкаў на платных сэрвісах.

Падпісваючы дамову аб дазволе бясплатным сэрвісам разьмяшчаць кампазыцыі Warner Music, кампанія спадзявалася на тое, што карыстальнікі бясплатных сэрвісаў рана ці позна захочуць паспрабаваць слухаць музыку і на платных сайтах. Аднак цяпер кіраўнік Warner заявіў, што падобная бізнэс мадэль ня мае нічога агульнага з плянамі лэйблу.

Брытанскія музычныя экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што We7 і Last.fm хоць бясплатныя сэрвісы, але затое легальныя:

«Новыя мэдыі дазваляюць карыстальнікам атрымаць тое, што яны хочуць там, дзе яны хочуць, адразу тут і зараз — і калі вы не даеце ім гэтага, яны будуць тое красьці», — намякае на праблему пірацтва ў інтэрвью BBC Джон Вэбстэр, выканаўчы дырэктар Форуму музычных мэнэджэраў Вялікабрытаніі.

Дагэтуль няясна, ці будзе Warner патрабаваць зачыненьня доступу да ўсіх яго трэкаў, альбо абвешчаная палітыка будзе тычыцца толькі новых кампазыцый.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.056 seconds.