«Experty.by» абвесьцяць лепшыя беларускія альбомы 2009

18 лютага ў Менску адбудзецца другая штогадовая цырымонія ўручэньня ўзнагарод «Experty.by». Лепшыя беларускія альбомы 2009 года вызначаць айчынныя і замежныя музычныя крытыкі.

У межах сайта «Experty.by» сыстэматычным апісаньнем беларускіх рэлізаў займаюцца вядучыя крытыкі Беларусі. За апошнія 12 месяцаў штатнымі і пазаштатнымі экспэртамі сайту (агулам 12 человек) былі разгледжаны і ацэнены 60 студыйных альбомаў, выдадзеных у 2009 годзе беларускімі артыстамі ў розных жанрах сучаснай музыкі. 

«У гэтым годзе можа было мала альбомаў ад „старой гвардыі“ беларускага року, але ж наогул ён атрымаўся насычаным, асабліва ў кантэксьце дэбютаў. „Nevma“ і „Port Mone“, „Петля Пристрастия“ і „The Toobes“ — усе гэтыя альбомы ўвайшлі ў лік лепшых запісаў года», — адзначыў кіраўнік праекта Зьміцер Безкаравайны.

Схема ўзнагарод засталася амаль без зьменаў. Будуць вызначаны пераможцы ў намінацыях «Лепшы дэбютны альбом», «Лепшы поп-альбом», «Лепшы рок-альбом», «Лепшы рэкард-лэйбл», а таксама лепшы альбом года па трох вэрсіях: штатных экспэртаў («Альбом года»), усіх 12 аўтараў сайту («Прыз вялікага журы») і 5 замежных экспэртаў з дзяржаў, мяжуючых з Беларусьсю («Прыз замежных экспэртаў»). Сярод апошніх — шмат вядомых у сваіх краінах пэрсон. Напрыклад, ад Расіі беларускія запісы ацэньваў Арцемій Троіцкі.

З гэтага года ў межах узнагарод уводзяцца дзьве новыя пастаянныя намінацыі:

«Прыз чытачоў» па выніках галасаваньня наведвальнікаў сайту і «Лепшы беларускамоўны альбом» на падставе адзнак экспэртаў. «Мова, на якой сьпяваюць артысты, не ўплывае на нашы адзнакі, але тыя, хто сьпявае на беларускай, на наш погляд, вартыя дадатковай увагі і падтрымкі», — лічыць Зьміцер Безкаравайны.

Уручэньне ўзнагарод адбудзецца ў межах зачыненага прэс-мерапрыемства. У мінулым годзе ў намінацыі «Альбом года» перамагло этна-трыа «Троіца» з дыскам «Сон-трава», «Прыз вялікага журы» атрымаў гурт «Ляпис Трубецкой» за альбом «Манифест», «Прыз замежных экспэртаў» — гурт «Джамбібум» за альбом «Жавароначкі».

Глядзіце таксама фотарэпартаж з уручэньня ўзнагародаў Experty.by лепшым альбомам 2008

Фота — Воля Кузьміч, Generation.by, інфармацыя — паводле прэс-рэлізу

13:10, 11/02/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0726 seconds.