Ад «Крамбамбулі» да Super Besse: абвешчаныя намінанты прэміі Experty.by
Арганізатары музычных узнагарод Experty.by абвясцілі спіс 12 намінантаў восьмай штогадовай прэміі лепшым беларускім альбомам па меркаванні беларускіх і замежных музычных журналістаў. Цырымонія ўручэння адбудзецца 16 сакавіка пры падтрымцы інтэрнэт-аператара "Атлант Тэлекам".
У ліку сёлетніх намінантаў разнастайныя прадстаўнікі сучаснай беларускай музычнай сцэны. Больш за ўсё рокераў: ад грандаў у асобе «Крамбамбулі» да больш маладых Re1ikt, Super Besse, NABR і Teleport. Акрамя таго ў спісе ёсць індзі-гурты «Серебряная свадьба», «Кассиопея» і Hamlet His Highness, фолк-каманды Shuma, Kazalpin і Irdorath, а таксама аўтар-выканаўца Паліна Рэспубліка.
– Год быў вельмі багатым на якасныя рэлізы – усе вартыя ўвагі працы нават тэарэтычна не маглі змясціцца ў намінанты. Дастаткова прыгадаць альбомы Brutto, Змітра Вайцюшкевіча, Nizkiz, "J:морс", Neuro Dubel і шмат каго яшчэ. Але такая канкурэнцыя ідзе толькі на карысць беларускай музыцы, – лічыць кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.
Другі год запар намінанты названыя адзіным спісам, без згадкі назваў і колькасці намінацый, у якіх яны заяўленыя. Азнаёміцца з імі дапаможа адмысловая складанка, на якую патрапіла па адным трэку з кожнага намінаванага альбома. У галасаванні бралі ўдзел 15 беларускіх музычных журналістаў, 5 замежных, а таксама актыўныя карыстальнікі сайта Experty.by. Анкеты ўсіх сябраў журы будуць апублікаваныя пасля ўзнагарод.
Пераможцы ў 10 намінацыях будуць абвешчаныя 16 сакавіка на адмысловай цырымоніі. Уладальнік узнагароды ў намінацыі «Альбом года» атрымае галоўны прыз – рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад інтэрнэт-аператара «Атлант Тэлекам». У мінулыя гады сярод пераможцаў узнагарод былі Port Mone, Pukstband, "Троіца", "Серебряная свадьба", Зміцер Вайцюшкевіч, The Toobes, "Ляпис Трубецкой" і іншыя артысты.
Спіс намінанаваных альбомаў з магчымасцю праслухоўвання – http://www.experty.by/node/3076