Twitter распрацоўвае тэхналёгію для барацьбы зь сеціўнай цэнзурай

Сацыяльная сетка Twitter займаецца распрацоўкай тэхналёгіі, што дазволіць яе карыстальнікам пазьбегнуць цэнзуры, якую ўвялі некалькі дзяржаў у нацыянальных сэктарах Інтэрнэту. Па словах заснавальніка Twitter, праграмісты рыхтуюць «цікавыя трукі», якія дапамогуць абысьці спробы заблякаваць гэты сайт.

Выступаючы на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, выканаўчы дырэктар і адзін з заснавальнікаў Twitter Эван Уільямс заявіў, што «захапляецца рашэньнем Google супрацьстаяць Інтэрнэт-цэнзуры ў Кітаі». Але яго кампанія надта маленькая каб зрабіць падобны крок, піша Financial Times.

«Мы часткова заблякаваныя ў Кітаі і іншых краінах, і ў нас былі падобныя праблемы ў Іране, — заявіў Уільямс, сайт якога сыграў істотную ролю ў нядаўніх вулічных выступленьнях у Іране. — Ёсьць іншыя прадуктыўныя шляхі супрацьстаяньня, ня толькі празь ціск на Кітай і іншыя ўрады, якім не падабаецца наша дзейнасьць. Я спадзяюся, існуюць тэхналягічныя шляхі абыходу гэтых бар’ераў».

Twitter спадзяецца пазьбегнуць блякаваньня ў краінах, дзе Інтэрнэт спрабуюць кантраляваць, праз разгалінаваньне сваёй дзейнасьці паміж сеціўнымі і мабільнымі праграмамі. «Twitter — гэта сетка, доступ да якой можна атрымаць праз сотню шляхоў».

Спадар Уільямс адмовіўся даваць дэталёвыя камэнтары адносна тэхналягічнага вырашэньня «адыходу ад канцэпцыі аднаго сайту». Аднак адзначыў, што распрацоўкай тэхналёгіі займаюцца пабочныя кампаніі.

Месяц таму карпарацыя Google заявіла, што спыняе практыку самацэнзуры ў Кітаі пасьля спробаў хакерскіх атак на яе сеткі. Атакі праводзіліся кітайскімі праграмістамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5305 seconds.