«Прэс-фота Беларусі»: першы конкурс прафэсійных фотакарэспандэнтаў

У Беларусі стартуе першы рэспубліканскі конкурс прафэсійных фотакарэспандэнтаў «Прэс-фота Беларусі». Лепшыя здымкі будуць адзначаныя ў 8 намінацыях, а па выніках конкурсу пройдзе выстава лепшых працаў. Плянуецца таксама выпуск каталёгу з працамі фіналістаў.

Да ўдзелу запрашаюцца беларускія фотакарэспандэнты, працы якіх публікаваліся ў друкаваных ці электронных СМІ.

Гэта першы конкурс прафэсійнага прэс-фота ў Беларусі. Для вызначэньня пераможцаў арганізатары запрасілі ў журы прызнаных прафэсіяналаў з замежных агенцтваў і выданьняў.

Сябры журы абяруць лепшыя фотаздымкі ў наступных намінацыях:

  • «Навіны»
  • «Людзі ў навінах»
  • «Спорт»
  • «Штодзённае жыцьцё»
  • «Партрэт»
  • «Мастацтва і забавы»
  • «Прырода»
  • «Глямур і рэкляма»

Гран-пры атрымае аўтар лепшага здымку з усіх намінацыяў.

Конкурс «Прэс-фота Беларусі» заяўлены як штогадовы. Такім чынам, у прафэсійных прэс-фатографаў зьявіцца пляцоўка для рэгулярнага падвядзеньня вынікаў працы, вызначэньня дасягненьняў і аб’ектыўнай ацэнкі агульнага ўзроўню беларускай прэс-фатаграфіі.

Заяўкі на конкурс прымаюцца з 15 студзеня па 15 сакавіка 2010 году. Усе здымкі ва ўсіх катэгорыях мусяць быць зьнятыя ў 2005—2010 гг. Таксама да ўдзелу прымаюцца здымкі, якія раней не былі апублікаваныя. Падрабязныя ўмовы ўдзелу, тэхнічныя патрабаваньні да працаў — на афіцыйным сайце конкурсу www.pressphoto.by.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.