Лукашэнка хоча «навесьці парадак» у Інтэрнэце

Рэгуляваньне Інтэрнэта ў Беларусі стане больш жорсткім, а парадак у ім «наведзены». Аб гэтым заявіў сёньня прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Парадак будзе наведзены. Забароны доступу ня будзе, але адказнасьць — будзе. Так, як гэта ў іншых краінах, у Амэрыцы. Нам да іх далёка, але мы будзем падцягвацца», — перадае БелТА словы Лукашэнкі.

 

Таксама прэзыдэнт заявіў, што ён «праціўнік усялякіх забаронаў». І дадаў: «але мы зробім так, каб чалавек, калі ён парушае закон, адказваў».

Прэзыдэнт тлумачыць жаданьне заняцца рэгуляваньнем Інтэрнэту ціскам з боку праваслаўнай царквы:

«Я памятую, як тонка папракнуў дзяржаву і мяне ў тым ліку Патрыярх, а потым і наш Філярэт наконт таго, што робіцца ў Інтэрнэце. Мы вымушаныя і будзем рэагаваць на гэта».

На мінулым тыдні Савет міністраў Беларусі абмяркоўваў праект указу прэзыдэнта аб рэгуляваньні інтэрнэту. Паводле праекту дакумэнта, любы сайт можна «закрыць» без судовай працэдуры, а для таго, каб скарыстацца інтэрнэтам у кавярні альбо з дапамогай тэхналёгіі wi-fi патрэбна ўвесь час прад’яўляць пашпарт.

Па словах заснавальніка парталу Tut.by Юрыя Зісера, у параўнаньні зь першым варыянтам указу «самыя адыёзныя рэчы зьмякчылі. Але не прыбралі». Гэты ўказ, адзначаюць СМІ, можа быць прыняты ў бліжэйшы час.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.