У пачатку 2010 году «Белтэлекам» запусьціць WiMAX ў Менску

Тэхналёгія WiMAX, якая дазваляе атрымаць бяздротавы доступ да хуткаснага Інтэрнэту, зьявіцца ў Менску ў пачатку 2010 году. Пабудуе сетку WiMAX дзяржаўная тэлекамунікацыйная кампанія «Белтэлекам».

«Белтэлекам» ужо ўсталяваў 5 базавых станцый WiMAX ў Менску. У пачатку наступнага году плянуецца завяршыць працы па запуску 22 базавых станцый. «Дзякуючы гэтаму на працягу першага кварталу мы маем намер выйсьці на рынак WiMAX-паслуг», — заявіў сёньня кіраўнік «Белтэлекаму» Канстанцін Цікар, перадае БелТА.

Спадар Цікар не ўдакладніў, дзе канкрэтна разьмешчаныя 5 базавых станцыяў, аднак заявіў, што ўжо сёньня зьбіраецца тэставаць WiMAX, перадае Onliner.by.

Для таго, каб карыстацца новай тэхналёгіяй, спатрэбяцца мадэмы памерам з флэшку. Першая іх партыя для ўнутранага карыстаньня ўжо завезеная ў Беларусь. Аднак абсталяваньне пакуль не сэртыфікаванае, таму камэрцыйны распаўсюд яго немагчымы.

Як адзначыў кіраўнік «Белтэлекаму», сетка WiMAX ня будзе разгортвацца ва ўсіх гарадах краіны. Прыярытэт будзе аддадзены раёнам, дзе адсутнічае кабельнае Сеціва.

WiMAX — пратакол шырокапалоснай радыёсувязі (Worldwide Interoperability for Microwave Access), які дазваляе на высокай хуткасьці перадаваць дадзеныя, голас, а таксама відэа, што дазволіць арганізаваць на яго аснове бяздротавы доступ да Сеціва, а таксама сотавыя сеткі з магчымасьцю відэазванкоў.

Доступ да бяздротавага хуткаснага Інтэрнэту па тэхналёгіі 3G ужо прапануе мабільны апэратар Life:). Па словах міністра сувязі інфарматызацыі Беларусі Мікалая Панцялея, МТС і Velcom запусьцяць уласныя 3G-сеткі ў першым квартале 2010 году. WiMAX сетку плянуе таксама будаваць апэратар Yota, які ўжо некалькі гадоў працуе на расейскім рынку. Сетка ад Yota пачне разготвацца ў Гародні з 2010 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0519 seconds.