У Туркмэністане заблякаваныя Livejournal і YouTube

Для нешматлікіх туркмэнскіх карыстальнікаў Інтэрнэту сусьветнае павуціньне звузілася яшчэ болей. Цяпер у Туркмэністане заблякаваны доступ да відэасэрвісу YouTube і блогавай плятформе Livejournal. Праблемы з доступам да туркмэнскіх карпаратыўных сайтаў адзначаюць шматлікія замежныя кампаніі.

 

Як паведамляе Фергана. Ру, адпаведнае рашэньне прыняла дзяржаўная кампанія «Туркмэнтэлекам», якая зьяўляецца адзіным у рэспубліцы правайдэрам.

Шматлікія замежныя кампаніі, якія маюць у Туркмэністане карпаратыўныя сеткі, ня могуць атрымаць да іх доступ, а многія прыватныя карыстальнікі, сайты якіх разьмешчаныя на за мяжой, адчуваюць замаруджанасьць доступу да сваіх рэсурсаў.

З 2000 году і да сьмерці прэзыдэнта Сапармурата Ніязава вольны доступ у Сеціва быў забаронены. Асноўнымі юзэрамі Інтэрнэту тады былі дзяржаўныя чыноўнікі.

Пасьля сьмерці Ніязава новы прэзыдэнт Гурбангулы Бердымухамэдаў паабяцаў забясьпечыць грамадзянам свабодны доступам у Інтэрнэт. У сталіцы краіны Ашхабадзе нават адкрыліся інтэрнэт-кафэ. Аднак доступ да шэрагу замежных рэсурсаў (у прыватнасьці, СМІ) быў заблякаваны, а самі кавярні ахоўваліся вайскоўцамі і «людзьмі ў цывільным».

У 2009 годзе міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» ўключыла Туркмэністан ў сьпіс найгоршых для блогераў краін. Гэта краіна ўвайшла таксама ў сьпіс «ворагаў інтэрнэту», складзены «Рэпарцёрамі бязь межаў».

Беларусь пазначаная ў сьпісе «Рэпарцёраў бязь межаў» як краіна, «над якой вядзецца назіраньне» з-за заяваў прадстаўнікоў ўлады аб плянах перайманьня кітайскага і іранскага вопыту ў блякаваньні інтэрнэт-рэсурсаў. Нядаўна зьявілася інфармацыя аб існаваньні праекту ўказу, які дазволіць блякаваць ў Беларусі непажаданыя сайты. Як адзначае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, згодна зь верагодным праектам ўказу прэзыдэнта, «пастаўшчыкі паслуг Інтэрнэт» па патрабаваньні «ўпаўнаважаных органаў» абавязаныя будуць блякаваць дзейнасьць некаторых рэсурсаў. Указ можа быць прыняты ў бліжэйшы час.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.