Палац Умястоўскіх руйнуецца без гаспадара

Палац Умястоўскіх

Чалавек у спэцвопратцы вымае зь вялікіх кішэняў пласкагубцы і лёгка выгінае жалезны цьвік. Старыя, ня раз фарбаваныя дзьверы адчыняюцца і перад намі паўстае пакой XIX стагодзьдзя. На закіданай сьмецьцем падлозе ляжаць аскепкі двухсотгадовай кафлі. На ёй жа валяюцца раскіданыя прапагандысцкія газэты савецкіх часоў, партрэты генсекаў і бугальтарскія рахункі: шмацьцё былой велічы і духоўнай галечы савецкай імпэрыі.

Па палацу графоў Умястоўскіх, адным з самых прыгожых і выбітных гістарычных будынкаў Беларусі, гуляе вецер, ля старажытнага коміну валяецца кавалак жалезнай трубы — нехта разьбіў частку ўнікальнай кафлі, якая ўпрыгожвала вялізны камін у куце пакою.


Доступ у палац неабмежаваны

Так цяпер выглядае палац Умястоўскіх у вёсцы Жэмыслаўль, узьведзены ў самым пачатку XIX ст. як зьменшаная копія Лазенкаўскага палацу ў Варшаве. Гэты комплекс будынкаў і цудоўны парк яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны належаў прыватным шляхецкім радам, а пасьля Віленскаму ўнівэрсытэту. З прыходам савецкай арміі ён быў перададзены мясцоваму калгасу. Цяпер калгас пакінуў будынак і каторы год ён, фактычна безгаспадарны, развальваецца на вачох.


Колькі часу трэба, каб застацца без гісторыі? За год стан палацу значна пагоршыўся

За год, які прайшоў з часу нашага папярэдняга наведваньня палацу, яго, нягледзячы на сумны стан, за 9.5 мільёнаў рублёў імкнуўся набыць менскі прадпрымальнік Ігар Вашчэлін. Але зьдзелка па продажы палацу была прызнаная незаконнай, сядзіба вернутая сельскагаспадарчаму прамысловаму каапэратыву «Суботнікі», а супраць яго старшыні, які па вэрсіі Камітэту дзяржкантролю парушыў правілы фармаваньня кошту безгаспадарнага палацу, была заведзеная крымінальная справа.

«Згодна з законам, прадпрыемства ня можа самастойна прадаць гэты аб’ект, — кажа старшыня грамадзкага аб’яднаньня „Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры“ Антон Астаповіч. — Проста трэба спрашчаць заканадаўчую працэдуру перадачы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў да новых уласьнікаў».


Рака Гаўя ўжо два стагодзьдзі назірае за палацам Умястоўскіх

Старшыня СПК Уладзімер Ліхарад, крымінальная справа якога была спыненая, дагэтуль спадзяецца знайсьці пакупнікоў для ўнікальнага палацу. Але для гэтага патрабуецца правесьці «рынкавую ацэнку» палацу. І гэта для сядзібы, на якой нават рэгістрацыйных дакумэнтаў да першай спробы продажу не было!

«У першую чаргу, варта выпрацаваць мэханізм, які дазволіць кантраляваць дзеяньні ўласьніка на гістарычных аб’ектах. Бо пакуль мэханізм пакараньня, на жаль, не працуе. Але ж продаж у прыватныя рукі — гэта вырашэньне праблемы, бо ў дзяржавы інвэстыцый на ўсе аб’екты ня хопіць», — лічыць Антон Астаповіч.

Ігар Вашчэлін плянаваў укласьці ў аб’ект немалыя грошы, зрабіць тут агратурыстычную сядзібу. Але пляны адкладзеныя на нявызначаны тэрмін. Цяпер галоўнае пытаньне ў тым, ці перажыве падгнілы дах палацу гэту зіму?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0568 seconds.