Мэдыцынская маска як абавязковы атрыбут рабаўніка

Разам са сьвіным грыпам у краіны СНД прыйшла яшчэ адна напасьць: цяпер рабаўнікі пачалі грабіць у мэдыцынскіх масках. Крымінальныя маскі-шоў з мэдыцынскім падтэкстам ужо адбыліся ў Расеі, Украіне і Азэрбайджане.

Вірус H1N1 значна палепшыў стан рабаўнікоў: цяпер злачынца ў мэдыцынскай масцы даволі цяжка адрозьніць ад звычайнага грамадзяніна, які клапоціцца аб здароўі. Пакуль рабаўнік не скрадзе ў вас што-небудзь.


Фота PAP/EPA

Аб магчымасьцях, якія адкрываюць новамодныя сродкі прафіляктыкі, першымі здагадаліся на радзіме эпідэміі — у Мэксыцы, дзе H1N1 ужо паўгода пужае абывацеляў. Пачалося ўсё з рабаваньня гадзіньнікавай крамы, у час якога тры ўзброеных стваламі і мэдыцынскімі маскамі чалавекі хутка зьдзейсьнілі сваю справу і зьніклі ў натоўпе такіх жа людзей ў сініх масках.

Злачынцам з прастораў СНД не спатрэбілася шмат часу, каб пераняць мэксыканскі вопыт. Напрыклад, у Маскве чалавек у масцы скраў «Мерседес» ML-500, які яго ўладальнік ацаніў у $50 000. Гісторыя адбылася на стаянцы, калі няўдачлівы кіроўца выйшаў з машыны, не выключыўшы рухавік. Рабаўніку заставалася толькі ўскочыць у машыну… і даганяй ветру ў полі. На месцы злачынства засталіся толькі дзьве бутэлькі колы. Рабаўнік здолеў піць напой, не здымаючы маскі.

Іншы злодзей з дапамогаю маскі абрабаваў на гэтым тыдні бабульку, якая ціха ехала ў бакінскім аўтобусе. Калі пэнсіянэрка заўважыла прапажу грошай, было позна: рабаўнік выскачыў з аўтобусу і зьліўся з натоўпам людзей ў масках.

Але самая душашчыпальная гісторыя адбылася ва Ўкраіне, дзе да двух маска-грабяжоў банкаў у Данецку дадаўся выпадак крадзяжу $350 000, якія маладая пара рыхтавала да вясельле. За хвіліну да гэтага пара атрымала грошы ад чалавека, якому прадала ўласны дом. Два злодзеі ў масках адабралі мех грошай, калі пара выходзіла з будынку юрыдычнай фірмы, дзе зьдзелка была зацьверджаная. Адзін з рабаўнікоў стрэліў жанчыне ў твар з траўматычнай зброі, іншы адабраў грошы. Пасьля гэтага рабаўнікі схаваліся ў машыне.

На шчасьце, аўтамабіль быў затрыманы на наступны дзень, а грошы вернутыя.

Як адзначаюць прадстаўнікі праваахоўных органаў, у пэрыяд эпідэміі варта хвалявацца ня толькі за сваё здароўе, але і гаманец. Хаця новы лад маскіроўкі рабаўнікоў міліцыю не зьдзівіў: злодзеі часта маскіруюцца «па сэзоне». Так, у пэрыяд навагодніх сьвятаў яны нярэдка ператвараюцца ў «Чырвоны каптурок» альбо Дзедаў Марозаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.