Міс Англія — салдатка брытанскага войску

21-гадовая дзяўчына, да якой перайшоў тытул Міс Англіі з-за ўдзелу ў бойцы папярэдняй уладальніцы гэтага званьня, адкладае камандзіроўку ў Аўганістан дзеля ўдзелу ў конкурсе Міс Сусьвет. Да таго ж самай прыгожай жыхарцы Англіі, якая вядомая сярод таварышаў па службе як «Баявая Барбі», дазволілі сысьці ў адпачынак, каб як сьлед падрыхтавацца да адказнага спаборніцтва.

Малодшы капрал Катрына Ходж з паўднёвага ўсходу краіны заняла другое месца ў конкурсе Міс Англія, але пасьля таго, як пераможца Рэйчэл Крысьці была арыштаваная за бойку ў начным клюбе, паўнамоцтвы каралевы прыгажосьці перайшлі да Катрыны.

 

Цяпер яна мусіць хуценька рыхтавацца да конкурсу Міс Сусьвет, які пройдзе ў Ёханэсбургу 12 сьнежня. Для гэтага вайсковае кіраўніцтва нават дазволіла ёй сысьці ў адмысловы адпачынак і адкласьці камандзіроўку ў ваюючы Аўганістан.

Ваенны вопыт, на думку Міс Англіі, толькі дапамагае ёй у конкурсах:

«У мяне было 24 гадзіны на падрыхтоўку, у той час як у многіх іншых дзяўчат было па году! Але я ўсё спакойна ўспрымаю», — перадае яе словы BBC.

Катрына раней ужо праходзіла службу ў Іраку і нават мае ўзнагароду за сьмеласьць. А калегі ўвогуле завуць дзяўчыну «Баявой Барбі».

Міс Англіі спадзяецца, што яе прыклад натхніць іншых маладых жанчын пайсьці ў войска:

«Калі я толькі пачынала служыць, я ня ведала, чаго чакаць, але цяпер мне вельмі падабаецца, і мае калегі мяне заўсёды падтрымліваюць», — дадала прыгажуня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0567 seconds.