Аўстралійскі ўнівэрсытэт увёў адмысловы курс па Twitter

Студэнты журналісцкіх праграм унівэрсытэту ў аўстралійскім Брысьбене абавязаныя вывучаць сэрвіс мікраблогінгу Twitter на адмысловым курсе, арганізаваным у гэтым годзе. Цяпер допісы навучэнцаў праграмы мусяць быць асэнсаванымі, тым больш за іх студэнты будуць атрымліваць адзнакі.

 

Навучэнцы брысьбенскага ўнівэрсытэту імя Грыфіна сталі першымі ў сьвеце студэнтамі, якім за допісы ў Twitter будуць ставіць адзнакі.

«Мы вырашылі, што курс важна ўвесьці, бо ўсё большая колькасьць працадаўцаў жадаюць бачыць такіх супрацоўнікаў, якія б маглі карыстацца падобнымі [сацыяльнымі сеткамі] мэханізмамі і маркетынгавымі і рэклямнымі сэрвісамі», — кажа выкладчык гэтага ўнівэрсытэту доктар Жак Эўарт (Jacqui Ewart).

Кіраўніцтва ўнівэрсытэту зьвяртае ўвагу на істотную ролю, якую грае ў сусьветнай мэдыяпрасторы Twitter, заснаваны 4 гады таму як сэрвіс мікраблогінгу. Асабліва яна праявілася пасьля падзей падчас выбараў у Іране, адзначаюць у адміністрацыі.

Тады Twitter пасьпяхова выкарыстоўваўся іранцамі для перадачы інфармацыі аб тым, што насамрэч адбывалася на вуліцах Тэгерану і іншых гарадоў краіны пасьля выбараў. Сэрвіс хутка набірае прыхільнікаў, а нядаўна яго перавагі адчулі ўдзельнікі беларускай канфэрэнцыі «Дзелавы інтэрнэт», якія як ніколі актыўна карысталіся Твітэрам для публікацыі ўражаньняў аб гэтай падзеі.

Будучым журналістам прапанавана пісаць у Twitter аб праблемах, якія ўзьнікаюць пры стварэньні артыкулаў. Рабіць гэта будзе ня так лёгка, улічваючы, што памер аднаго паведамленьня ў сэрвісе абмежаваны 140 сымбалямі.

У выніку студэнты «здаюць» прыкладна такія «працы»:

«Зьбіраюся разабрацца ў гісторыі аб бяздомнай моладзі… Цікава, што ў гэтых прытулках, у прыватнасьці, большасьць кліентаў мужчыны», — напісала ў 11:23 раніцы 4 кастрычніка студэнтка Саманта Рыгбі (Samantha Rigby).

«Нарэшце выбрала, на чым можна засяродзіцца, я зьбіраюся пісаць аб праблеме недахопу прытулкаў… спаць — гэта карысна!», — напісала яна ў 7:38 раніцы 5 кастрычніка.

Але ня ўсе студэнты аказаліся задаволенымі новай ініцыятывай унівэрсытэту. Некаторыя зь іх, як высьветлілася, ніколі ня чулі аб Twitter, іншыя ж лічаць гэты курс бессэнсоўнай стратай часу.

Гэта ня першая ініцыятыва ў вывучэньні сацыяльных сетак у ВНУ. У Вялікабрытаніі ўжо адбыўся набор на магістэрскую праграму «сацыяльныя мэдыі», на якой студэнты будуць вывучаць у тым ліку Twitter і Facebook.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.