«Троіца» рыхтуецца да сьвяткаваньня дзесяцігодзьдзя і выдае кнігу

Менск рыхтуецца да выніковай порцыі «старажытных пульсацыяй і песнапеньняў» ад этна-трыо «Троіца», якое дасьць вялікі канцэрт у сталіцы ў сярэдзіне лістападу. У дадатак да гэтага лідэр гурту Іван Кірчук падрыхтаваў падарунак фанатам: кнігу-дзёньнік аб шматлікіх вандроўках «Троіцы» па сьвеце, якая ўжо выйшла ў сьвет.

Дацэнту і ўладальніку незьлічонай колькасьці музычных інструмэнтаў Івану Іванавічу Кірчуку ёсьць што распавесьці і сьпець. Яго калекцыя фальклёру, якая паціху ператвараецца ў музычныя альбомы (пяць за дзесяць гадоў — нядрэнны вынік), не залежваецца на пыльных паліцах унівэрсытэцкіх кабінэтаў, а выкарыстоўваецца для сынтэзу гітоў. Апошнія штурмуюць беларускія рэйтынгі і, як у мінулым годзе «Сон-трава», становяцца лепшымі.

А пачалося ўсё дзесяць гадоў таму зь дзесяці канцэртаў галяндзкага туру «Троіцы». Тады гурт упершыню сабраўся ў цяперашнім складзе. Пасьля гэтага было «каля 80 эўрапейскіх музычных фэстаў», — зьбіваецца зь ліку спадар Кірчук.

15 лістападу «Троіца» рыхтуецца прыгадаць усё створанае за апошні час і выйсьці на сцэну КЗ «Мінск» з сольнай праграмай «Аўтабаны і мэнэстрэлі». Сольным у літаральным сэнсе: толькі «Троіца» і ніхто акрамя «Троіцы» — «старажытная пульсацыя» патрабуе толькі трох музычных магаў.

«Уся сцэна будзе загружаная інструмэнтамі так, што месца знойдзецца толькі для трох музыкаў «Троіцы», — кажа спадар Кірчук. Ужо ў першай песьні публіка спаткаецца са шматлікімі ўнікальнымі інструмэнтамі, што засвоілі музыкі: нямецкай цытраю, тыбецкімі чанамі, варганамі з розных краін сьвету, якія ўпляліся ў беларускі фальклёр, у якім «Троіца» — бясспрэчныя каралі.


«Троіца»: Ю. Паўлоўскі, І. Кірчук, Ю. Дзмітрыеў

Але кампазыцыі з апошняга экспэрымэнтальнага альбому «Жар-жар» (2008 г.) сыграныя ня будуць, прынамсі, у той студыйнай апрацоўцы, у якой гучаць на дыску. «Гэта тэхнічна складана зрабіць», — кажуць музыкі. Але акустычныя вэрсіі некаторых кампазыцый публіка ўсё ж пачуе.

 

Кірчук-літаратар

Яшчэ адзін вынік дзесяцігодзьдзя этна-трыокніга «Аўтабаны і мэнэстрэлі»400-старонкавыя ўспаміны-уражаньні-разважаньні 51-гадовага Івана Кірчука аб фэстывальным, фальклёрным і выкладчыцкім жыцьці-быцьці мэнэстрэляў 21 стагодзьдзя. Гледзячы па кнізе, адраджэньнем старажытнай прафэсіі «Троіца» занялася сур’ёзна.

«Аўтабаны і мэнэстрэлі» — чысты і шчыры дзёньнік музыкі, жыцьцё якога прабягае кілямэтровымі слупамі эўрапейскіх аўтабанаў. Зь іх, аўтабанаў галяндзкага разьліву, кніга пачынаецца, і, у вандроўцы на радзіму музыкі (а можа, ужо пісьменьніка?), канчаецца. Фэсты, музыка, візы, краіны — «Троіца» наведала нямала моцных і вядомых фолькавых падзей па ўсім кантынэнце, таму мае права даваць ім адзнакі:

«Нехта думае, што «Троіца» з-за мяжы не вылазіць і ў золаце купаецца», — кажа Іван Кірчук. «А на некаторых фэстывалях ня толькі золата, але і нармальных умоваў няма».

Цытаты
Пра «Славянскі базар»
«Адкрыцьцё віцебскага фэстывалю забіла „саўковай“ пампэзнасьцю. … Навошта ўся зьмешваць: мёд і селядцы, хрэн і кефір».
Пра «Басовішча» (2006)
«Уразіў палітызаваны дух фэстывалю: вакол разьвяваліся бел-чырвона-белыя сьцягі, рэпер скандзіраваў палітычныя тэксты. Нешта нагадвала „несанкцыянаваны мітынг“. Такое ўражаньне, што тут сабраліся „беларусы“, а хутчэй — „беларускамоўныя“, якія спэкулююць веданьнем „тарашкевіцы“ і палітыкай, але маюць вельмі далёкае ўяўленьне аб беларускім фальклёры. Усё навокал шумела, гудзела, бухала».
Пра сябе

«Ня ведаю, ці ёсьць словы, якімі можна перадаць пачуцьцё гонару, што я нарадзіўся на Гэтай зямлі, што я магу зьбіраць Гэтыя скарбы — Песьні…»

Кніга напісаная па-расейску, але спадар Кірчук прыгадваючы свае беларускамоўныя падручнікі па фальклёру, якія ўжо пасьпелі выйсьці ў сьвет, кажа, што адразу вырашыў пісаць менавіта на гэтай мове.

Выхад «Аўтабанаў і мэнэстрэляў» — падзея ня толькі ў жыцьці гурта і яго прыхільнікаў, гэта падзея ва ўсё беларускай музыцы.

Фота Julia Fox, Jura Sidun

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.