16-гадовая аўстралійка адправілася ў кругасьветку

Аўстралійская школьніца паспрабуе ў адзіночку ажыцьцявіць кругасьветнае плаваньне пад парусам. Сёньня раніцай яхта Ella’s Pink Lady, якой кіруе 16-гадовая Джэсыка Ўотсан, пакінула сіднейскую гавань і ўзяла курс на захад. Мяркуецца, што плаваньне працягнецца 8 месяцаў.

«Заўтра я зьбіраюся ўстаць і адправіцца ў кругасьветнае плаваньне», — напісала ўчора ў сваім блогу  Джэсыка, якая займаецца парусным спортам з 9 гадоў. Школьніца зьбіраецца і надалей распавядаць аб сваім плаваньне праз блог.

 

Кругасьветнае плаваньне было пастаўленае пад пагрозу з-за аварыі, у якую трапіла яхта Джэсікі. Месяц таму ў час тэхнічнага плаваньня яхта сутыкнулася з сухагрузам, водазьмяшчэньне якога было ў паўтара разы болей, чым у знакамітага «Тытаніка». Мяркуецца, што ў час аварыі дзяўчына спала.

Джэсыка спадзяецца стаць самая юнай спартсмэнкай, якая праходзіла адлегласьць у 21 тысячу марскіх міль. Яе вандроўка пройдзе па Паўднёвым паўшар’і. Ад Новай Зэляндыі дзяўчына зьбіраецца дайсьці да берагоў Паўднёвай Амэрыкі, пасьля чаго праз Атлянтычны акіян яна плянуе вярнуцца ў Сідней.

 

Нядаўна 13-гадовая галяндка Лора Дэкер таксама спрабавала абысьці вакол сьвету на яхце, аднак суд забараніў гэта плаваньне з-за надта юнага ўзросту дзяўчыны. Пакуль што 17-гадовы школьнік зь Вялікабрытаніі Майк Пэрам зьяўляецца самым маладым яхтсмэнам, які зьдзейсьніў кругасьветнае плаваньне.

Фота youngestround.blogspot.com/

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.