Амэрыканская пара, якая лячыла дачку малітвамі, адправіцца ў турму

Бацькі адзінаццацігадовай дзяўчынкі Мэдлен, якая хварэла на цяжкую форму дыябэту, асуджаныя амэрыканскім судом за тое, што не зьвярталіся да дактароў да самай сьмерці дачкі. На працягу 6 месяцаў яны лячылі дзяўчынку малітвамі.

Дачка Дэйла і Лэйлані Ньюман, Мэдлен, памерла ад таго, што своечасова ў яе не распазналі цяжкую форму дыябэту, якая, аднак, паддавалася лекаваньню. Бацькі Мэдлен увесь час маліліся аб яе ачуньваньні, і выклікалі хуткую дапамогу толькі пасьля таго, як Кара, як яны называлі дачку, перастала дыхаць. Яна памерла на падлозе ўласнага дому.


Бацькі Кары. Фота AP

Кара ня мела магчымасьці рухацца, есьці і піць самастойна.

Але бацькі працягвалі маліцца за здароўе дачкі. І не зьвярталіся да дактароў да яе сьмерці, хаця, на думку мэдыкаў, дзяўчынку можна было выратаваць, калі б ёй пасьпелі ўвесьці дозу інсуліну.

У жніўні пара была асуджаная на 6 месяцаў зьняволеньня. На думку пракурораў, бацькі забілі дзяўчынку па «грубай неасьцярожнасьці», бо праігнаравалі сымптомы цяжкой хваробы.

Цяпер Дэйл і Лэйлані Ньюман на працягу шасьці год будуць праводзіць па аднаму месяцу ў амэрыканскай турме. Пракурор патрабаваў 25 год зьняволеньня.

Таксама бацькі на працягу 10 бліжэйшых год будуць абавязаныя кожныя тры месяцы дэманстраваць 2 дзяцей, якія ў іх засталіся, мэдыкам.

У сваю абарону бацькі кажуць, што не чакалі сьмерці дачкі, бо шчыра верылі ў Бога і гаючую сілу малітваў. Спадары Ньюман зьбіраюцца абскардзіць рашэньне суда.

Паводле BBC

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0693 seconds.