Заснавальнік Facebook зарабіў другі мільярд. Гісторыя посьпеху

У свае 25 год Марк Зукербэрг (Mark Zuckerberg) пасьпеў зарабіць $2 мільярды і два разы трапіць у сьпіс багацейшых амэрыканцаў часопісу Forbes. Гісторыя посьпеху самага маладога мільярдэра Амэрыкі, тым ня менш, поўная выпадковасьцяў і інтрыг.

За апошні час сын зубнога ўрача, які пяць год таму запусьціў з пакою ў гарвардзкім інтэрнаце сацыяльную сетку Facebook, павялічыў сваё багацьце на $500 мільёнаў і заняў 158 месца ў сьпісе Forbes «400 найбагацейшых амэрыканцаў». Другі год запар Марк  — самы малады ўдзельнік гэтага рэйтынгу.

Гісторыя посьпеху

Facebook, які зараз лічыцца другім па наведвальнасьці сайтам у сьвеце і ацэньваецца ў $10 мільярдаў, быў створаны ў 2004 годзе ў якасьці сацыяльнай сеткі для студэнтаў Гарварду. Ідэя заснаваньня такой сеткі належыла індусу Нарэндры, які і запрасіў тады яшчэ студэнта Зукербэрга для яе стварэньня ў якасьці праграміста. Але будучы мільярдэр хутка расчараваўся ў сваіх кампаньёнах:

«У іх не было ніякіх ідэй наконт таго, якім чынам рэклямаваць будучы сайт і як на ім зарабляць, — прызнаваўся пасьля Марк. — У хуткім часе я пачаў усяляк паказваць хлопцам, што ў нас розныя шляхі».

У выніку Зукербэрг разарваў дзелавыя адносіны з індусам і яго кампаньёнамі, а сам цішком зарэгістраваў дамэн Facebook.com, зараз вядомы ва ўсім сьвеце.

Наступным крокам Зукербэрга стаў запуск сацыяльнай сеткі, у якой за 4 месяцы зарэгістравалася каля 200 тысяч студэнтаў з трыццаці ВНУ па ўсёй Амэрыцы. Былыя гарвардзкія маштабы адышлі ў мінулае: Марка цікавілі больш значныя мэты.

Раззлаваныя «праваўладальнікі ідэі» — каманда Нарэндры, якая так і ня здолела раскруціць сваю сацыяльную сетку Harvard Connection, распачалі гнеўную кампанію супраць Зукербэрга. Але і тут Марк ня даў маху: ён піша ліст кіраўніцтву Гарварда, у якім выстаўляе сябе нявінным ягняткам:

«Мяне ўвесь час вінавацяць у тым, чаго я не рабіў, — страчыць на сваім асабістым сайце Зукербэрг. — Тройца з Harvard Connection спрабуе зрабіць менавіта такім чынам і давесьці, што я выкраў іх неіснуючыя ідэі. Але справа ў тым, што ідэі стварэньня сацыяльнай сеткі для Гарварду луналі ў паветры!».

Калі ў сьнежні 2004 году колькасьць юзэраў Facebook пераваліла за мільёнаў, Зукербэрг ужо пасьпеў пазбавіцца ад свайго галоўнага кампаньёна, які валодаў 30% кампаніі. Марк абвінаваціў былога партнэра ў спробе замарозіць банкаўскія рахункі Facebook.

«Я тут прэзыдэнт, сучка»

Увесну 2005 у праект было інвэставана каля $30 мільёнаў, а сам Зукербэрг працягваў граць ролю простага студэнта-батаніка. У яго былі два віды візытовак: на адной партыі былі выгравіраваныя толькі імя і прозьвішча ўладальніка, а надпіс на іншай казаў: «Я тут прэзыдэнт, сучка».

«Нават калі нашы стаўкі сур'ёзна падняліся, - успамінаў Шон Паркер, адзін з першых праграмістаў Facebook,  - Зукербэрг працягваў праводзіць перамовы ў піжаме. Цяпер я разумею, што Марк дзейнічаў абсалютна сьвядома. Мне і ў галаву не магло прыйсьці, што ў яго жалезная дзелавая хватка. Ну а потым здарылася так, што Марк Зукербэрг вырашыў кінуць адразу ўсіх нас».

Чым хутчэй расьлі даходы Facebook, тым менш старых кампаньёнаў заставалася з Зукербэргам. Крыс Хьюз, першы прэс-сакратар сацыяльнай сеткі, цяпер працуе на Абаму, першы наняты ў праект праграміст Дасьцін Маковіч адпраўлены у безтэрміновы адпачынак, былы ўладальнік 30% кампаніі ўвогуле распачаў супраць Марка судовы працэс.

«Зукербэрг расправіўся са столькімі людзьмі, а яму толькі дваццаць чатыры гады, — друкаваў у пачатку 2009 часопіс Rolling Stone развагі калумністкі The Wall Street Journal Кары Фішэр. — Ён спрабуе выставіць сябе альтруістам і ціхоняю, але бляск у вачах гэтага хлопца здаецца мне цалкам нездаровым».

«Часам я здаюся сабе маленькім хлопчыкам. Забаўкі мне хутка надакучваюць, а з дапамогаю кампутара я знаходжу для сябе ўсё новыя мэты, — нібы ў пацьверджаньне слоў Фішэр казаў у адным са сваіх інтэрвію Зукербэрг. — Хто ведае, можа быць, празь некалькі год мая праца прывядзе мяне да знаёмства з эскімоскімі блогерамі альбо асабіста з вамі. Гэта ўжо як каму пашанцуе».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0685 seconds.