Іранскім студэнтам абмежавалі імкненьне да ведаў

Прынамсі, у некаторых галінах. Так, студэнты зь Ірану і Паўночнай Карэі, якія навучаюцца ў Швэцыі, цяпер ня могуць вывучаць дысцыпліны, зьвязаныя зь ядзернай энэргетыкай і ракетнымі тэхналёгіямі. Гэта правіла пачало дзейнічаць пасьля звароту да вядучых швэдзкіх унівэрсытэтаў нацыянальнай службай бясьпекі (SAPO).

Нацыянальная лябараторыя Аргон
Дасьледчы цэнтар ядзернай энэргетыкі «Нацыянальная лябараторыя Аргон» у ЗША

Такія вядучыя швэдзкія ВНУ, як Каралеўскі тэхналягічны інстытут (KTH), ужо абвясьцілі, што ня будуць прымаць на некаторыя праграмы студэнтаў зь Ірану.

«Для нас гэта значыць, што мы не дапусьцім грамадзян Ірану да навучаньня на магістэрскіх праграмах, зьвязаных з вывучэньнем ядзерных тэхналёгій», — сказаў швэдзкаму агенцтву навін TT прадстаўнік Тэхнічнага ўнівэрсытэту Чалмэрса (Chalmers University of Technology) Магнус Мурэн.

Наконт студэнтаў з Паўночнай Карэі SAPO асабліва не турбуецца: толькі некалькі выхадцаў адтуль вучыцца ў Швэцыі. Таксама SAPO абяццаў пракантраляваць, як ВНУ краіны выконваюць патрабаваньні па абмежаваньні доступу да некаторых навучальных праграм.

Гэтыя меры былі уведзеныя для рэалізацыі санкцый, прынятых у дачыненьні Ірану Эўрапейскім саюзам у 2007 годзе, і санкцый, прынятых у сьнежні 2006 Радай Бясьпекі ААН.

Студэнты зь Ірану складаюць найбольшы адсотак сярод грамадзян іншых краін, якія навучаюцца на магістарскіх праграмах ва ўнівэрсытэце Чалмэрса. Нагадаем, што навучаньне на магістэрскіх праграмах ў любой ВНУ краіны бясплатнае і даступнае для студэнтаў з усіх краін сьвету.

«Не вучы аратага араць, касца касіць, сейбіта сеяць» казалі нашы продкі. А мы цяпер можам дадаць: «а іранца ядзернай энэргетыкай займацца». Бо пры жаданьні ўсё роўна навучыцца. Вядома, што да падобных праграм у Чэхіі і Расеі іранскім студэнтаў доступ пакуль яшчэ ніхто не абмяжоўваў.

Паводле The local

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.