Аштрафаваны на $700 000 за незаконнае спампоўваньне музыкі студэнт адмовіўся ад ахвяраваньняў

Суд у ЗША вынес рашэньне аштрафаваць на 700 тысяч даляраў студэнта, які незаконна спампаваў зь Сеціва 30 песень. Адразу ж у яго падтрымку распачаўся збор грошай, але няўдалы «пірат» адмовіўся ад іх, дадаўшы, што зьбіраецца абвесьціць сябе банкрутам.

Джоэл Тэнэнбаўм
Джоэл Тэнэнбаўм. Фота з сайта joelfightsback.com

Студэнт Бостанскага ўнівэрсытэту Джоэл Тэнэнбаўм прызнаўся ў судзе, што спампаваў і распаўсюдзіў сярод іншых карыстальнікаў Сеціва 30 кампазыцый. Суд прызнаў яго вінаватым і абавязаў выплаціць штраф на карысьць кампаній Universal, Warner Music і Sony.

Максымальны памер штрафу, які мог быць выпісаны Тэнэнбаўму, складае 4,5 млн. даляраў. Студэнт заявіў, што рады рашэньню суда, а таксама таму, што яму не давядзецца плаціць мільённую кампэнсацыю студыям гуказапісу.

Адвакат Тэнэнбаўма Чарльз Нэсан заявіў суду, што яго кліент — «проста дзіцё, якое рабіла тое, што робяць усе дзеці, якія любіць музыку і новыя тэхналёгіі».

Справа Тэнэнбаўма мусіла стаць паказальнай для тысяч амэрыканцаў, якія спампоўваюць музыку незаконна. Але замест гэтага гукавая індустрыя атрымала шмат у чым адваротны эфэкт: у Інтэрнэце распачатая кампанія ў падтрымку студэнта з Бостану. За некалькі дзён яе ўдзельнікі сабралі $2000, ад якіх, зрэшты, Тэнэнбаўм адмовіўся. Ён паабяццаў перадаць гэтыя грошы сваёй камандзе юрыстаў, якая працавала зь яго справай бясплатна.

«Мы не жадаем, каб RIAA (асацыяцыя гуказапісваючых кампаній Амэрыкі) атрымала гэтыя грошы, калі мы ня ў стане заплаціць іх», — напісаў Тэнэнбаўм у сваім блогу. — «Грошы могуць быць больш карысныя дзесьці яшчэ».

Аднак на гэтым справа ня скончылася. Тэнэнбаўм стаў вядомай мэдыяпэрсонай. Шматлікія газэтныя публікацыі прыцягнулі ўвагу да ягонай постаці. Што, у сваю чаргу, не спадабалася гуказапісваючым кампаніям, якія абвінавацілі Тэнэнбаўма ў «рэклямаваньні і падтрымцы пірацкіх праграм і сайтаў праз свой Twitter».

У выніку на пачатку верасьня RIAA накіравала ў суд новую скаргу на Тэнэнбаўма.

Справа Тэнэнбаўма — другі працэс аб незаконным спампоўваньні музыкі, які разглядаецца ў ЗША. Вынікам першай справы, якая была разгледжаная ў Мінэапалісе, стала рашэньне аб выплаце штрафу ў 1,92 млн. даляраў. Прызнаная вінаватай жанчына спампавала і распаўсюдзіла 24 песьні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0566 seconds.