Год турмы за запіс на фотаздымач 20-ці сэкундаў фільма

Год турмы і 2 500 даляраў штрафу пагражае амэрыканскай студэнтцы, якая зьняла на фотаздымач 20 сэкундаў фільма ў кіназалі, каб паказаць малодшаму браціку. Мы даведаліся ў беларускім Кінавідэапракаце, якія б наступствы чакалі аматараў паздымаць на тэлефон альбо лічбавік у нас.

Калі перад кінасэансам папросяць выключыць усе мабільныя тэлефоны і не карыстацца камэрамі, большасьць ня тое што ня зробіць гэтага, а яшчэ знойдуцца і фота-/ відэааматары, якія пакінуць сабе на ўспаміны маленькі кавалак фільму. Бо ведаюць, што ўсё роўна не пакараюць. Гэта ў нас. А вось жыхары Арлінгтону (Вірджынія, ЗША) яшчэ доўга будуць баяцца нават узяць з сабой фоцік у кіно.

У мінулым месяцы Джанэт Сэджэс (Jhannet Sejas, на фота) на сьвяткаваньне 19-годзьдзя адправілася ў арлінгтонскі кінатэатар на «Трансформераў» разам са сваім хлопцам. Добра распачаты вечар скончыўся ў аддзяленьні паліцыі.

На самым цікавым моманце фільма Джанэт узгадала пра свайго 13-гадовага браціка, які неверагодна хацеў пабачыць гэты фільм (а квіткі ў заморскіх кінатэатрах не па два даляры, самы ведаеце, да і час ня раньні). Толькі клапатлівая сястра зрабіла 20-сэкунды ролік, як у залю кінатэатра ўварваліся ахоўнікі і адразу вывелі Джанэт і ейнага бойфрэнда, а пасьля канфіскацыі здымача Сanon выклікалі паліцыю.

Зразумела, што ў дзеўчыны быў шок – яна нават не падумала, што такое можа здарыцца, тым больш у ейнае сьвята. Першы раз студэнтка другога курса патрапіла ў такую сытуацыю. І не адкруцілася. Справа ў тым, што ў многіх кінатэатрах практыкуецца «нулявая дапушчальнасьць», то бок - аніякіх саступак, у адносінах да піратаў.

Каля 18,2 мільярдаў даляраў згубіла кінаіндустрыя ў 2005 па віне піратаў. 90 адсоткаў новых фільмаў патрапілі ў пірацкае абарачэньне пры дапамозе камэраў мабільных тэлефонаў, лічбавых камэраў і іншых сродкаў запісу. Зразумела, што ахова кінатэатраў і паліцыя, пабачыўшы ў цемры кіназалі праменьчык сьвятла ад мабільнага або фоціка, ня будзе разьбірацца, навошта і для каго гэта робіцца.

Таму зараз Джанэт пагражае год турмы і 2 500 даляраў штрафу. Адвакат дзеўчыны спадзяецца вырашыць справу да 21 жніўня, калі адбудзецца суд.

«У Беларусі гэта проста немагчыма», - заявіў Generation.by Васіль Коктыш, генеральны дырэктар Кінавідэапракату. «Пірацтва ідзе не ад нас, а з Расеі і іншых краінаў. Тым больш, што якасьць экранаў у нас ня самая лепшая, ды і фільмы прыходзяць да нашага гледача альбо пазьней, альбо адначасова з сусьветнымі прэм’ерамі.»

Ні сам гендырэктар, ні кіраўніцтва некаторых кінатэатраў ня могуць узгадаць нават аднаго выпадку здыманьня кінафільма падчас сэансу на лічбавікі альбо тэлефоны.

Але калі такое і здарыцца, то, па словах Васіля Коктыша, ёсьць дзяжурная па залі.

Generation.by ужо пісалі пра новыя Правілы кінавідэаабслугоўваньня насельніцтва. Нагадаем, што галоўнае не піць, не паліць, дзяцей малых не вадзіць. Тым больш што для самых маленькіх можна будзе зрабіць відэанарэзку зэ бэст – мяркуем, зь дзяжурнай па залі, калі і заўважыць, як-небудзь дамовіцца можна. Тым больш што Правілы не прадугледжваюць аніякай адказнасьці за відэаздымкі ў памяшканьні відэазалі.

Фота з washingtonpost.com

SlaDa 16:15, 03/08/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0563 seconds.