Beatles выходзіць у лічбаваю эру

У Вялікабрытаніі выходзіць новая анталёгія ўсіх альбомаў гурта: 12 студыйных плюс два дыскі з раньнімі сынгламі і музыкай для фільмаў. «Найбуйнейшая падзея ў гісторыі Beatles за 40 гадоў» вылучылася яшчэ і зьяўленьнем кампутарнай гульні для аматараў уласнымі рукамі выканаць няўміруючыя гіты найпапулярнейшага гурта 60-ых.


Запіс песьні «I Whant To Hold Your Hand»

Усе запісы прайшлі праз дакладны перавод у лічбавы фармат. Найноўшая тэхніка, па словах гукарэжысёраў, дапамагла аднавіць сапраўднае гучаньне «бітлоў». Аднак аўтары ідэі заклікаюць прыхільнікаў ацэньваць новую якасьць у адпаведнай атмасфэры:

«Сумна тое, як сёньня многія слухаюць музыку: запампоўваюць яе на кампутар, перапампоўваюць на плэер, утыкаюць навушнікі… Але, такім чынам, можа, і ня будзе бачна ніякай розьніцы», — распавёў каардынатар праекту Алян Роўз Euronews.

Разам з музыкай у камплект уваходзіць відэагульня, якая таксама, натуральна, прысьвечаная Beatles. Яе стваральнікі не імкнуліся да арыгінальнасьці. Яны ўпэўненыя, што такім чынам змогуць падарыць «бітлоў» новаму пакаленьню.

Выхад гэтага зборніка называюць найбуйнейшай падзеяй у гісторыі Beatles за 40 гадоў, якія прайшлі пасьля распаду гурта. Скептыкі нагадваюць, што аўтарскія правы на песьні Beatles мінаюць праз чатыры гады, і гуказапісваючыя кампаніі імкнуцца выручыць як мага больш прыбытку за астатні час.

Update: Інтэрнэт-крама Amazon ужо прапанавала мэляманам поўны камплект усіх 16 CD і аднаго DVD за 170 фунтаў (каля $280). Па словах прадстаўніка крамы, гэты не самы танны набор ужо займае першы радок у сьпісе бэстсэлераў яшчэ толькі на этапе папярэдняй замовы. Такія дарагія рэчы раней ніколі не траплялі ў сьпіс самых папулярных тавараў. У бліжэйшым да Беларусі месцы, дзе можна замовіць дыскі (крама Ozon) камплект каштуе каля 17 000 расейскіх рублёў ($543).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.