vkontakte: і цэлага рунэта мала

Расейская сацыяльная сетка «vkontakte» набыла дамэннае імя vk.com. Цяпер спалучэньне VK стане міжнародным брэндам, а адна з самых папулярных сацыяльных сетак Беларусі стане шматмоўнай і выйдзе на сусьветны рынак. Хаця экспэрты лічаць, што новы дамэн — частка падрыхтоўкі да продажу брэнда.

Аб гэтым піша ў сваім сьвяточным нумары газэта «Ведомости» са спасылкай на дадзеныя найбуйнейшага ў сьвеце рэгістратара дамэнаў Godaddy.

vkontakte 

Як растлумачыў выданьню выканаўчы дырэктар «vkontakte» Леў Лявіеў, сацыяльная сетка рыхтуецца да выхаду на сусьветны рынак і ўжо да кастрычніка 2009 года выйдзе ў вэрсіях на 12 мовах. Сума, патрачаная на набыцьцё дамэн vk.com і распрацоўку моўных вэрсій сеткі, засталася ў тайне.

Стваральнікі замежных вэрсій сайта ўжо атрымалі просьбу на іншых мовах называць сацыяльную сетку «VK». Цяпер сацыяльная сетка, якая згодна са статыстыкай, прыведзенай на сайце, налічвае больш за 42 мільёны карыстальнікаў, даступная на чатырох мовах. У тым ліку і па-беларуску. Па дадзеных рэйтынгу кампаніі Alexa, vkontakte — другі па наведвальнасьці беларусамі сайт у сьвеце.

Між іншым, адзначаюць «Ведомости», найбуйнейшыя сусьветныя сацыяльныя сеткі — такія як Facebook і Myspace — ужо даступныя ў розных моўных вэрсіях для карыстальнікаў па ўсім сьвеце. Так, Facebook з аўдыторыяй у 225 мільёнаў карыстальнікаў прапануе на выбар 63 моўныя вэрсіі, а Myspace (130 мільёнаў карыстальнікаў) — 33 моўныя вэрсіі.

Запуск «vkontakte» на іншых мовах — іміджавы ход, лічыць кіруючы партнэр камунікацыйнага агенцтва «Сацыяльныя сеткі» Дзяніс Церахаў. Ён не выключае, што купля дамэну ў зоне .com — частка перадпродажнай падрыхтоўкі «vkontakte». Аб продажы гаворка дакладна не ідзе, пераконвае блізкая да акцыянэраў кампаніі крыніца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1061 seconds.