Разьмяркоўваць цяпер будуць пасьля 2.5 год навучаньня?

Праект Кодэксу аб адукацыі прадугледжвае разьмеркаваньне студэнта ў тым выпадку, калі большая палова яго навучаньня праходзіла за кошт бюджэту. Законапраект рыхтуе і іншыя сюрпрызы для студэнтаў.

Заканадаўства аб адукацыі чакаюць новыя зьмены. Кодэкс аб адукацыі, стварэньне якога працягваецца ўжо другі год, плянуецца разгледзіць на чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У праекце кодэкса прапісана, што калі палова і больш тэрміна навучаньня праходзіла за кошт бюджэту, то выпускнік падлягае разьмеркаваньню. А калі менш за палову — не падлягае, піша «Знамя юности». Імпэт маладога спэцыяліста падпарадкавацца волі ўнівэрсытэта падмацуюць «дамовы на падрыхтоўку», у якіх будуць агавораныя ўсе істотныя ўмовы: на платнай аснове альбо за кошт бюджэту ідзе навучаньне, умовы разьмеркаваньня. Дамовы будуць заключацца адразу пры паступленьні ў ВНУ.

Упершыню дзяржава робіць саступку ў пытаньні разьмеркаваньня. Калі студэнт скончыў ПТВ і адпрацаваў адзін год па разьмеркаваньні, то ў выпадку сканчэньня ВНУ адпрацоўваць прыйдзецца толькі адзін год.

Сярод іншых новаўвядзеньняў — пашырэньне падстаў для сыходу ў акадэмічны адпачынак (зьніжэньне працаздольнасьці) і ўсталяваньне тэрміну аднаўленьня ў выпадку адлічэньня з ВНУ. Пасьля прыняцьця кодэкса аднавіцца можна будзе на працягу трох гадоў з моманту адлічэньня.

Студэнтаў змогуць адлічыць за акадэмічную запазычанасьць, няяўку на іспыт, пропуск без уважлівай прычыны больш за 10 дзён заняткаў, неўнясеньне платы за навучаньне, сыстэматычныя парушэньні дысцыпліны.

Як адзначыў кіраўнік камісіі ПП па адукацыі Ўладзімір Здановіч, «на маючай адбыцца асеньняй сэсіі праект кодэкса дэпутаты разгледзяць толькі ў першым чытаньні ў аўтарскай рэдакцыі». Другое чытаньне закону можа адбыцца не раней як праз год.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.