Новы альбом «Ляпіса Трубяцкога» ўжо ў Сеціве

24 жніўня, за тыдзень да рэлізу на кампакт-дысках, гурт «Ляпіс Трубяцкой» выклаў свой новы альбом «Культпросвет» у Інтэрнэт для бясплатнага спампоўваньня.

Сусьветная прэм’ера «Культпросвета» адбылася на расейскім сайце Kroogi.com, а таксама ў буйнейшай сацыяльнай сетцы Facebook – дзякуючы новаму Facebook-дадатку Kroogi Downloads.

«Выпусьціўшы альбом на «Кругах», гурт «Ляпіс Трубяцкой» стаў першапраходцам новай мадэлі музычнай дыстрыбуцыі і атамным ледаколам глябальнага рынку Facebook, – лічыць стваральнік кампаніі Kroogi Міраслаў Сарбаеў. – Kroogi Downloads – гэта чарговы крок у разьвіцьці нашага праекту, які прапагандуе новы падыход да распаўсюджваньня музыкі ў Сеціве: «Спампуй і заплаці, колькі лічыш справядлівым». 

Новы альбом «Ляпісаў» можна спампаваць на «Кругах» і ў Facebook абсалютна бясплатна – прычым, у двух варыянтах: з бітрэйтам 192 альбо 320 кбіт/с. А калі альбом спадабаецца слухачу і ён вырашыць падтрымаць музыкантаў матэрыяльна, «Кругі» прадстаўляюць магчымасьць зрабіць фінансавае ахвяраваньне праз WebMoney, PayPal албо праз СМС. 

«Па сутнасьці, гэта рэалізацыя ў жыцьцё забытага лёзунгу «Ад кожнага па здольнасьцях – кожнаму па патрэбах», – гаворыць лідэр «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок. – І нам гэта вельмі падабаецца. Калі ў нейкага мэлямана праблема з грашыма, то ён можа спампаваць «Культпросвет» бясплатна альбо заплаціць 10 рублёў – за гэта мы таксама будзем удзячныя. А які-небудзь алігарх можа кінуць на наш рахунак тысячу даляраў – калі перад гэтым добра вып’е. Канешне, будзе спакуса прасадзіць гэтыя грошы ў спа-салёнах, але, хутчэй за ўсё, мы патрацім іх на запіс новай кружэлкі».

Як і ў іншых краінах, CD-вэрсія «Культпросвета» выйдзе ў Беларусі 1 верасьня. Гэта будзе digipack-выданьне з плякатам, якое будзе каштаваць каля 20 тыс. рублёў. Першымі новы рэліз пачнуць прадаваць крамы «Мистерия звука». 

Альбом  «Культпросвет» ужо зараз можна спампаваць на старонцы lyapis.kroogi.com.

Бліжэйшы выступ «Ляпісаў» у Беларусі адбудзецца 29 жніўня ў межах міжнароднага фэсту фэервэркаў «Навальніца», які пройдзе пад Менскам. Менавіта пад час выступу «Ляпіса Трубяцкога» арганізатары абяцаюць задзейнічаць найбольшую колькасьць піратэхнічных эфэктаў.

12:36, 24/08/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.053 seconds.