У Славакіі ад усіх чыноўнікаў запатрабуюць размаўляць па-славацку

Новы закон прадугледжвае штраф у памеры 5 тысяч эўра за выкарыстаньне моў нацыянальных меншасьцяў у дзяржаўных структурах. Таксама ўсе вулічныя шыльды, рэклямныя шчыты і рэстаранныя мэню будуць перакладзеныя на славацкую, якая зьяўляецца дзяржаўнай мовай краіны. Вугорская меншасьць Славакіі ўжо выразіла пратэст.

«Мы жадаем дапамагчы нашым людзям, якія ў сваёй роднай краіне не разумеюць, што ім кажуць. На тэлебачаньні — рэкляма на ангельскай мове, у рэстаранах — мэню на замежных мовах. Такое адчуваньне, што мы жывем невядома дзе, але толькі не ў Славакіі. Гэта недапушчальна», — заявіў міністар культуры Марэк Мадарыч.


Тэрыторыя кампактнага пражываньня вугорцаў

Норма закона аб забароне выкарыстаньня іншых моў, акрамя славацкай у дзяржустановах, дзейнічае для ўсіх меншасьцяў, колькасьць якіх не перавышае 20% насельніцтва. Усё б было добра, але найбольшая (і самая праблемная для славацкіх уладаў) меншасьць — вугорцы — складаюць «усяго» 10,7% насельніцтва.

Такім чынам, сярод больш чым 5-мільённага насельніцтва Славакіі — каля 500 тысяч этнічных вугорцаў, якія пераважна пражываюць у паўднёвых і ўсходніх правінцыях краіны. Яны называюць новы закон «спробай асыміляцыі».

«Гэты закон накіраваны на зьнішчэньне нашай культуры. Гэта спроба завуаліраванай асыміляцыі», — абураецца лідэр партыі Вугорскай кааліцыі Апалы Чакі, пішуць «Новые Известия».

Вугоршчына актыўна ўключылася ў падтрымку сваіх суайчыньнікаў. Як перадае BBC, на мінулым тыдні вугорскі дэпутат Эўрапарлямэнту Адам Каса выступаў на мове глуханямых у знак пратэсту супраць славацкага закона.

«Бо я глухі і карыстаюся мовай для глуханямых, то я добра разумею гэтыя праблемы і жадаў бы, каб у меншасьці была магчымасьць казаць на сваёй мове», — адзначыў Адам Каса.

Незадаволеныя і рэклямныя фірмы. «Гэта абсалютная дурасьць. Зьнікнуць такія вядомыя рэклямныя слоганы, як, напрыклад, Connecting people. А гэта вядомы ва ўсім сьвеце рэклямны брэнд. Своеасаблівая гульня слоў. Як яе перавесьці на славацкі?» — пажаліўся журналістам Юрай Мішко, кіраўнік рэклямнай агенцыі MUV.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.