Павал Булатнікаў: «Я ж не алімпійскі чэмпіён — мяне толькі ахоўнікі ў крамах пазнаюць»

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Сёньня герой сталай рубрыкі Generation.bY «КУЛЬТурныя людзі» вакаліст «Ляпіса Трубяцкога» Павал Булатнікаў. У вялікім інтэрвію Павал распавядае, як пашанцавала з «бээнэфаўцамі», пра юнацкія даўгія валасы і вялікія завушніцы ў раёне «Грушаўка», пра тое, як адчуваць сябе на 25, калі табе ўжо за 30, пра працаголіка Сяргея Міхалка і тое, што назва «Беларусь» асацыюецца з трактарам.

Па дарозе Павал узгадвае, як прайшоў дзень: «Быў на студыі „Беларусьфільм“, дзе мы прымяралі касьцюмы для здымкаў новага кліпа. Пасьля была трэніроўка. Пасьпеў толькі заскочыць дахаты, і — да вас».

Жыцьцё да і пасьля 30

Пра спорт

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Па панядзелках, серадах, пятніцах у мяне фітнэс, а па аўторках і чацьверах — бокс. Чаму менавіта бокс? Так атрымалася, што Сярога запаў на гэтую справу і падсадзіў нас. Бокс — гэта ня толькі адзінаборства, але й вельмі добрая кардыянагрузка. Я нічога ў жыцьці лепей ня бачыў. Калі мы ўжо ва ўзросьце «за 30», прыходзіцца трошку высілкаў прыкладаць, каб заставацца ў форме.

А да «Ляпісаў» я прафэсійна займаўся харэаграфіяй. Я таньчыў з 5-й па 8-ю клясу.

Пра навучаньне

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Скончыў менскую вучэльню мастацтваў і культуры, а пасьля — аддзяленьне харэаграфіі Інстытута культуры.

Пры паступленьні ў інстытут адзіная мая задача была здаць агульнаадукацыйныя прадметы — тое, чаго болей за ўсё баяўся. Але неяк сам напісаў сачыненьне. Заставалася гісторыя. Быў 90-ы год — усе не зусім разумелі, што правільна, а што няправільна. Мне пашчасьціла, і ў маю камісію патрапілі заядлыя бээнэфаўцы і антыкамуністы. Ну я на гэтай хвалі і адказваў. Але мог жа і не ўгадаць, праўда? Мне шанцуе.

Булатнікаў-нефармал

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Я насіў завушніцы і доўгія валасы. Гэта пры тым, што я жыў у раёне Грушаўка. Каля вакзалу стары такі раён. І вось, жывучы ў такім месцы, я ўмудраўся хадзіць з доўгімі валасамі, зь вялізнымі такімі халапутамі ў вушах. І мне гэта даравалася. Таму што я ўдзельнічаў у нефармальным жыцьці раёна. Любому іншаму, хто зьявіўся б у такім выглядзе, зайздросьціць не выпадала.

Фізычнае і маральнае жыцьцё выпускніка Булатнікава

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Пасьля інстытута я фізычна доўгі час як раз нічым і не займаўся. Я быў такі расслаблены: рады быў піць піва і есьці ўсё, што хацелася. Я ўвесь час спрабаваў набраць вагу, бо быў занадта худы і вельмі камплексаваў з гэтай нагоды. А пасьля 25 бліжэй да 30 раптам штосьці паперла так, што я ня ведаў, куды гэта ўсё лішняе падзець. Прыйшлося браць сябе ў рукі. Таму што, груба кажучы, толькі бухаць — нецікава.

А па спэцыяльнасьці я не працаваў. Неяк мяне музыка заўжды болей прыцягвала.
Пасьля інстытута год я займаўся гандлем — быў кіраўніком пункта продажу касэтаў. Ува мне знайшліся яшчэ і нейкія задаткі мэнэджэра. Сваю кропку з жудасных мінусаў я вывеў на нармалёвы ўзровень. У нас быў такі асартымэнт, што да нас езьдзілі з усяго гораду.

Пра Сяргея Міхалка і «Ляпіс Трубяцкой»: «Што я буду там рабіць?»

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Аднойчы мой сябар Сяргей Міхалок сказаў: «Слухай, давай паспрабуем у Ляпісах пасьпяваць». На што я адказаў: «Сярога, я ўсё жыцьцё неяк сьпяваў не зусім тое».

Зь Сярогам мы сябруем з вучэльні мастацтваў і культуры. У мяне былі свае музычныя праекты, а ён займаўся «Ляпісамі» заўжды. Мы сябравалі, але ніколі не працавалі разам. А тут ён прапанаваў, я быў вельмі зьдзіўлены і гэта даволі насьцярожана ўспрыняў. Я не зусім уяўляў, што я буду там рабіць.

З восені 1997 г. я быў ужо ў складзе гурта «Ляпіс Трубяцкой». Ну вось неяк незаўважна для мяне самога паціху і закруцілася. І болей я нікуды не шарахаўся. У межах гурта мне хапае самарэалізацыі. Сярога ў нас генэратар ідэяў. Мала такіх людзей, такіх працаголікаў, якія б рабілі столькі ўсяго новага, спрабавалі столькі ажыцьцявіць. Таму мне — далёка ня сумна.

Мы прыехалі ў кавярню, селі на вуліцы піць каву і размаўляць пра ранейшы і сучасны «Ляпіс Трубяцкой», пра сям’ю й сяброў, Беларусію і патрыятызм.

Madonna, Jamiroque і «Ляпис Трубецкой»

— Які горад гастроляў спадабаўся найбольш?

— Лёндан. Чым? Складана патлумачыць. Горад жа адчуваецца як? У яго трапляеш, і з вакзалу, аэрапорту ты пачынаеш адчуваць людзей, атмасфэру ў ім. Складаецца агульная карціна. Мы ў Лёндане адыгралі адзін канцэрт, а жылі дні чатыры. Там была такая тумба з афішамі, дзе на агромністых стэндах было напісана: Madonna, Jamiroque і «Ляпис Трубецкой»… Нас ажно гонар узяў:)

Амэрыканскія стэрэатыпы

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

— Вас чакаюць амэрыканскія гастролі. Ці маеш якія-небудзь уяўленьні пра гэту краіну? Чаканьні якія?

— Стэрэатыпы? — называе Павал слова, менавіта для якога я й шукала сынонімы. — Стэрэатыпы пра Амэрыку як пра краіну, якая жарэ гамбургеры і п’е кока-колу — гэта, лічу, не зусім правільна. Таму што ёсьць шмат надзвычай вартых музыкантаў, пісьменьнікаў, артыстаў, рэжысёраў адтуль. Таму казаць у цэлым пра Амэрыку, што гэта нібыта такая «адсталая» краіна, я не стаў бы. Я думаю, што яна розная. І кожны, хто туды паедзе, знойдзе тое, што ён захоча. Перш за ўсё гэта краіна магчымасьцяў: магчымасьцяў пачуць, пабачыць і г.д. Таму, калі ты хочаш бачыць Амэрыку тоўстую з гамбургерамі, ты пабачыш яе такой. Калі ты хочаш пабачыць клюбную, музычную — ты пабачыш яе гэткай.

Асаблівых ілюзіяў і чаканьняў мы ня маем. Але вельмі спадзяемся, што на канцэртах будзе запатрабаваны наш сёньняшні рэпэртуар. Ня тое, што было 10 год таму. Каб не прымушалі нас там граць «Ау», «Яблони», «Голуби» і іншае таму падобнае…

Пра «Ляпіс Трубяцкой» сёньня: «Мы дурачкі, канешне, але не зусім»

— Ты ня любіш гэтыя песьні ці што?

— Мы ня любім гэтыя песьні, таму што ну колькі ж можна? Гурт «Ляпіс Трубяцкой», па вялікім рахунку, ніколі ня быў поп-калектывам. Але калі на студыях, зь якімі мы мелі кантракты, шукалі «фарматныя песьні», пад іх крытэры падыходзілі толькі нейкія парадыйныя поп-нумары. За іх хапаліся, іх раскручвалі, яны станавіліся папулярнымі. А ў людзей з-за гэтага адбываўся перакос у сьвядомасьці. Яны былі перакананыя, што гурт «Ляпіс Трубяцкой» — гэта толькі тое, што яны бачаць. На самой справе людзі абсалютна не павінны так думаць — мы зусім ня так выглядаем. Асабліва, калі хтосьці паглыбляўся і слухаў нас.

І канешне людзі, якія прыходзілі на наш канцэрт, хацелі чуць толькі «Ау» і «Яблони». А калі мы гралі нешта больш жорсткае, у іх ўзьнікаў пратэст: «Пачакайце, што гэта такое? Мы ішлі ж на гурт „Ляпіс Трубяцкой“! Гэта ж павінны быць такія вясёлыя, п’яныя, кабацкія псэўда-вясельныя музыкі. А яны тут спрабуюць нейкі рок граць…»

У выніку ўсе гэтыя фарматы саслужылі нам кепскую службу. Нам і зараз даводзіцца даказваць, што мы не зусім такі гурт. А ў многіх у сьвядомасьці так і засталося, што «Ляпіс Трубяцкой» — гэта дурачкі. Мы дурачкі канешне, але не зусім такія.

Да цяперашняга нашага стану мы доўга ішлі. Ужо ў альбоме «Залатыя яйцы» мы спрабавалі неяк аддаліцца ад таго, што рабілі раней. Хаця і там ёсьць кан’юнктурныя поп-нумары кшталту «Раінькі». Але зноў жа такі гэта жаданьне дагадзіць камусьці фарматам: «Ну як жа патрапіць у модны тэлевізар ці на модную радыёстанцыю?

— Значыць, былі такія мэты?

— Мы спрабавалі, канешне. Чыстыя поп-нумары былі зробленыя з прыцэлам, што гэта возьмуць кудысьці ў ратацыю. Пасьля, калі мы пісалі альбом «Капитал» і прыйшлі на студыю да Цялезіна, ён запытаў: «Які фармат?», а мы сказалі: «Ніякага!» «Ну пачакайце, якая радыёстанцыя павінна ўзяць?» Мы сказалі: «Няважна, ніякая! Гэта павінна падабацца нам». У выніку, калі мы запісалі альбом, дзе не падстройваліся пад кан’юнктуру, кучу песень узялі ў ратацыю шматлікія расійскія і ўкраінскія радыёстанцыі. Ня ведаю пра беларускія, таму што не зусім разумею, што ў нас тут адбываецца.

Адбыўся пералом сьвядомасьці, калі мы зразумелі, што далей нельга так. Нам надакучыла заігрываць, мы захацелі быць самі сабой.

— І вы толькі зараз пачынаеце быць сапраўднымі?

— Мы толькі зараз займаемся тым, што нам падабаецца, што мы любім. Тыя песьні, якія мы зараз выконваем, гэта і ёсьць нашае бачаньне, нашы музычныя прыярытэты. У нас лічыцца, што «Капитал» — гэта першы альбом, «Манифест» — гэта другі альбом. І вельмі прыемна, калі на нашы канцэрты прыходзяць людзі 18–20 год, якія ня ведаюць «былыя заслугі і ляўры». Яны прыходзяць па новы матэрыял. Здарылася тое, пра што мы так доўга марылі: мы вярнулі сабе самую актыўную маладую аўдыторыю.

Пайшлі ўнутр. Ты зьмерзьнеш.

— Чаго чакаць ад вас наперадзе?

— Радыкальна новага, канешне, пакуль вынаходзіць ня будзем. Навошта? Мы толькі зараз нарэшце знайшлі свой твар. Глупа шарахацца з боку ў бок. Ясна, што гэта ня будзе ў чыстым выглядзе, як былі «Капитал» і «Манифест». Ясна, што гэта будзе трансфармавацца… наперад забягаць. Есьць ідэі і пляны. Розныя тэмы будуць. Тэмы актуальныя. Прынамсі, гэта дакладна будзе ня нудна.

— А канцэрты «Ляпісаў» як сам успрымаеш?

— Разумееш, глупа казаць: я іду на канцэрт, як на сьвята. Для мяне гэта такое… Вось кажуць заслужаныя артысты: «мы мацаваліся энэргіяй публікі». Дык ня хочацца казаць такія банальныя рэчы. Ясна, што мы ад гэтага атрымліваем задавальненьне. Ясна, што гэта наша праца, але гэта праца нам на радасьць. А калі канцэрт адбываецца ў родным горадзе пры вялікай колькасьці людзей, ну… тут і так усё зразумела. Ня трэба нічога тлумачыць. Я сапраўды шчасьлівы чалавек. Ня хочацца сыпаць банальнымі фразамі.

— Ці няцяжка кожны дзень выступаць, як, напрыклад, пад час туру па Беларусі?

— Нават у самыя невясёлыя часы калектыў у сярэднім даваў болей за 100 канцэртаў на год. Калі мы ўжо такую колькасьць часу езьдзім, канцэрты розныя, публіка розная. Усё па-рознаму бывае. Тут ужо ёсьць такі — дурацкае слова — досьвед. Імунітэт хіба выпрацаваўся, ці што.

Булатнікаў: «Я — звычайны»

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

— Калі я распавёў сваю гісторыю, атрымліваецца, што я такі «баловень судьбы». Шчасьліўчык. Усё неяк нібыта так проста атрымлівалася. Канешне, ня ўсё так вясёлкава было, і ня ўсё адразу проста здаралася, але тым ня менш я магу сказаць, што ўдачу за хвост трымаў. Удача — гэта важны складнік для творчых асобаў. Я — ўдачлівы.

— Можа проста ты сам прыцягваеш удачу?

— Канешне, не бывае нічога проста так. Безумоўна, трэба прыкладаць нейкія высілкі. Калі ты робіш сваю справу, трэба яе рабіць максымальна добра. А калі творчы чалавек на сваім месцы пасьпяхова працуе, то рана ці позна зоркі сыходзяцца. Гэта і ёсьць тая ўдача, пра якую я кажу. Усё заканамерна. Я ж ня буду распавядаць пра тое, як доўга і шмат я займаўся сьпевамі, як я стараўся. Канешне, было ўсё, і не адразу ўсё звалілася. Любыя задаткі, любыя таленты патрабуюць разьвіцьця і ўдасканаленьня.

— А пра характар свой што скажаш?

— Я скажу так, што людзям побач не зусім лёгка са мной. Чамусьці блізкім людзям дастаецца, як і добрае, так і кепскае. Я, канешне, спрабую быць добрым. Але я не дамастрой. Я розны. Я спрабую працаваць над сабой. Спрабую тыя недахопы, пра якія ведаю, калі не выкараняць, то хаця б душыць.

— Калі зьяўляецца вольны час, як бавіш?

— Асноўную частку вольнага часу займае сям’я. Калі ў мяне сям’і не было, я прыяжджаў з гастроляў і ў той жа дзень мог пайсьці клубіцца. У мяне была проста куча энэргіі, я ня мог сядзець дома. А зараз мне падабаецца адпачываць зь сям’ёй, зь сябрамі. На лецішчы ў нас. З лазьняй, з усімі справамі. Вельмі часта ў нас бываюць кампаніі. Я люблю такі адпачынак. У прынцыпе, у мяне дастаткова традыцыйныя захапленьні. Я звычайны. Адпачываць у халаце, ля каміна — гэта не пра мяне.

Мая сям’я — гэта тое месца, куды хочацца вяртацца. Мне падабаецца, што мая дачка Васіліса да школы ўмее чытаць і пісаць. Яна ходзіць на ўсе нашы выступы. Яна таньчыць і скача, усе песьні на памяць ведае. Заходзіць у грымёрку ўся мокрая. Т.б. густ у дзіцяці фармуецца правільны, я спадзяюся:)

Пра ролю ў гурце і патрыятызм

— На які ўзрост сябе адчуваеш?

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

— На 25–27 год.

— Не адчуваеш сябе на другіх ролях у гурце?

— Зь Сярогам як зь лідэрам калектыву журналісты хочуць найбольш камунікаваць. Калі ласка. Я з гэтай нагоды ніяк не перажываю. Я не вялікі аматар хадзіць па радыёстанцыях, па тэлевізарах і г.д. Ды й Сярога таксама. Абсалютна не адчуваю сябе на другіх ролях.

— Беларуская мова выключна для лірыкі?

— Беларуская такая пяшчотная, пявучая. Лірыка па-беларуску лепей гучыць. Думаю, што Сярога ненаўмысна гэта робіць. Але не назаву Belarus Freedom моцна лірычнай песьняй. Гэта песьня для людзей, якія разумеюць, пра што гутарка. Але цікава, што песьня звычайна добра заходзіць на «ура» і ў Расіі, і ва Ўкраіне.

— Чаму Belarussia Liberta?

— Ну ёсьць жа рытмічныя тэхнічныя правілы. Думаю, толькі з-за гэтага. Скажу табе сваё асабістае меркаваньне. Мне чамусьці ня моцна падабаецца назва «Беларусь». У мяне яна асацыюецца з трактарам. Зь дзяцінства такое засталося. Беларусія майму вуху болей падабаецца. Ёсьць Расія, ёсьць Беларусія. Гэта нармальна.

Але ж гэта савецкая назва!

— Я разумею. Можа таму што прызвычаіўся, што трактар — «Беларусь». Гэта цяпер ён — «Беларус». Можа з-за таго, так моцна асацыюецца, што прынялі сымболіку савецкую. У мяне такое адварочваньне ў прынцыпе ад ўсяго гэтага.

— Ты — патрыёт?

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

— Ёсьць такі выраз: патрыятызм — гэта апошняя схованка злачынцаў. Гэтым прыкрываюцца і такія паганыя справы робяць, што…. Ну што значыць патрыёт? Канешне, я люблю сваю краіну, свой горад. Але я люблю па-іншаму. Таму што гэта — людзі, якія мне блізкія. Гэта мая сям’я, мае сябры. Таму гэта не зусім сьцяг і ўсё астатняе. У гэтым большы сэнс, ці меншы. Для мяне ён — большы.

Павал Булатнікаў, Павел Булатников

Амаль тры гадзіны размовы прабеглі зусім незаўважна. «Ды ты зусім не задавака», — сьмяюся я. «А што мне задавацца? Я ж не алімпійскі чэмпіён! — усьміхаецца Павал у адказ. — Мяне й на вуліцах рэдка пазнаюць. Тут справа такая: цябе пазнаюць толькі тады, калі ты сам гэтага хочаш. Апошнім часам заўважаў, што мяне пазнаюць толькі ахоўнікі ў крамах. Відаць, гэта з-за спэцыфікі іх працы — у твары ўглядацца».



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0481 seconds.