ПраДарожжа ў Жылічы: шчасьце ў інтэр’ерах

Жылічы

Ёсьць каштоўнасьці, якія сьпяць, незаўважаныя, недзе далёка, нібыта пахаваныя пад сумётамі часу. І ніхто, акрамя невялікага кола пасьвечаных, не падазрае пра існаваньне тых дзівосаў. Прыкладна такім лёсам жыве зараз клясычны палац князёў Булгакаў у вёсцы Жылічы Кiраўскага раёну. Сюды наша чарговае «ПраДарожжа».

Забыты грамадзтвам і нязьведаны турыстамі, адзін з самых вялікіх палацаў Беларусі, да таго ж неверагодна аздоблены і некрануты (у параўнаньні з большасьцю іншых), ляжыць будынак  на ўзбочыне турыстычных шляхоў, калісьці скінуты туды памятнай савецкай абыякавасьцю да гісторыі краіны.

Жылічы

У 20-х гадох ХІХ ст. запрошаны ў Жылічы (тады Дабосьню) кіраўнік катэдры архiтэктуры Вiленскага ўнівэрсытэту Казiмiр Падчашынскі, бярэцца за ўзьвядзеньне шыкоўнага палацу для князя, даволі пасьпяховага прадпрымальніка Ігната Булгака.

Вынікам працы архітэктара стаў будынак плошчай 4000 кв. м. (для параўнаньня, гандлёвыя плошчы менскага ГУМа налічваюць 5969 кв. м.). Булгакі займелі ўласны касьцёл, бібліятэку, аранжарэю, парк з каскадам сажалак і лазьняй.

Трапіць у палац і пагуляць па яго вялікіх калідорах можна свабодна. Тут дзейнічае музэй са сьмешнымі па кошце квіткамі і сьціплым экскурсаводам. Але выпадковы чалавек рэдка трапляе ў Жылічы.

Жылічы
Палац у Жылічах патрабуе рэканструкцыі.

Танцавальная, зброевая, банкетная і іншыя залі

Палац варта наведаць толькі дзеля яго інтэр’ераў. Найбольш уражвае ляпніна, якой аздобленыя парадныя пакоі. Спалучэньне колераў, выяваў старажытных грэкаў на калясьніцах, анёлаў і белых жаночых масак. Дэталі — вось найвялікшая каштоўнасьць гэтага помніка! Варта ўглядацца ў кожны закутак, зайсьці ў кожны пакой, каб адчуць, убачыць сьвет, які так міла падараваў нам стары князь Булгак.

Жылічы
Музэйны квіток каштуе сьмешных грошай. Інтэр’еры палацу сумяшчаюць розныя стылі.
Толькі ў Беларусі ампір яшчэ ўжываецца з сацрэалізмам.

Дарэчы, адразу пасьля сканчэньня будаўніцтва Іганат Булгак памёр. Яго сын, Эдгар, большую частку жыцьця правёў у сваіх уладаньнях у Варшаве, Пецярбургу і Парыжы. Але лета Эдгар стала праводзіў у Жылічах. Калі гаспадар наведваў свае беларускія ўладаньні, на вежы палаца вывешваўся радавы сьцяг Булгакаў.

Тое былі часы баляў і сьвят. Над жыліцкімі залямі, якія вылучаліся выключнай акустыкай, віравала барочная музыка нябачнага гасьцям аркестра. Па асобнаму ходу музыкі падымаліся на таемны паверх, адкуль яны маглі перайсьці на спэцыяльны гаўбец, пабудаваны адмыслова для выкананьня музыкі.

Жылічы

Кожны пакой аздоблены ў сваім стылі, кожны мае функцыянальнае прызначэньне і колер. Але ня ўсе пакоі зараз даступныя для наведвальнікаў, бо пэўная частка палаца яшчэ знаходзіцца пад юрысдыкцыяй музычнай школы.

Жылічы

На верхніх паверхах знаходзіцца даволі дзіўны музэй народнага побыту. Падымаесься вышэй, і цябе ахінае мінулае ўжо іншага разьліву. Часы, прасякнутыя, здаецца, сталінскім яшчэ пылам і рэзкім пахам сена: у адным з дальніх пакояў стаяць некалькі пудзіл «капытных»: «закуток прыроды» застаўся тут яшчэ з часоў савецкага тэхнікума.

Жылічы
Дзяржаўныя грошы на рэканструкцыю да Жыліч яшчэ не дайшлі.

Апэльсіны ў аранжарэі

Пасьля рэвалюцыі ў жыліцкім палацы была школа для працоўнай моладзі, у 30-я гады і пад час вайны — шпіталь. У парку немцы пад час вайны хавалі загінулых. Зрэшты, пасьля вайны могілкі раз’аралі.

У пасьляваенныя часы ў палац прыйшла ўся тая ж працоўная моладзь вучыцца ў саўгасе-тэхнікуме. Нядаўна ён атрымаў новы будынак, таму палац апынуўся пусты.

Жылічы

Сёньня палац Булгакаў (разам зь Нясьвiскiм i Мiрскiм замкамi, Краснабярэжскiм палацам, Каложай, Брэсцкай i Бабруйскай крэпасьцямi i iнш.) уваходзiць у сьпiс 10 нерухомых гiсторыка-культурных каштоўнасьцяў, якія дзяржава мяркуе фінансаваць у першую чаргу.

Супрацоўнiца музэю Iрына Шляхтава распавядае, што на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыi па рэстаўрацыi палацу было выдаткавана 360 млн рублёў. Сёлета там павiнны распачацца рэстаўрацыйныя работы коштам больш за 1 млрд рублёў. Да 2010 года ў Жылiцкiм палацавым комплексе плянуецца цалкам аднавiць шляхецкую сядзiбу XIX стагодзьдзя.

Але экспэрт у галіне захаваньня гістарычных аб’ектаў Антон Астаповіч мяркуе, што фiнансаваньне рэстаўрацыі можа быць паменшанае, а тэрмiны здачы аб’екта аднесеныя на 4–5 гадоў.

Жылічы

Лічыць тое за шчасьце альбо няўдачу, але Жылічы стаяць далёка ад чыгункі і буйных дарог. Можа, дзякуючы гэтаму, палац не паўтарыў лёс шматлікіх іншых будынкаў свайго часу. Калісьці ў аранжарэі палаца вырошчвалі апэльсіны. Калі зноў у Жылічах заквітнеюць апэльсіны, і ці адбудзецца тое ўвогуле, даведаемся ня хутка.

Як даехаць

З Бабруйску ёсьць аўтобусы ў 06:35, 12:40, 17:40 (разьлічвайце на паўтары гадзіны дарогі).
Музэй у Жылічах працуе з 9 да 18.00 гадзін акрамя панядзелку й нядзелі. Для вызначэньня дакладнага месцазнаходжаньня музэя варта зьвярнуцца да мясцовых жыхароў. Верагодна, яны ведаюць палац пад кодавай назвай «тэхнікум». Арыентыр — вялікі парк і новы будынак тэхнікума.

 Мапа рэгіёну

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

А наступнае ПраДарожжа працягваем па Бабруйску й ваколіцах!

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.