За сем гадоў у Беларусі адновяць сем замкаў

Яшчэ шэсьць цягам бліжэйшых гадоў закансэрвуюць, а ў трох гарадах адбудуюць гарадзішчы — такія пляны ўтрымлівае прынятая сёньня праграма «Замкі Беларусі», якая будзе каштаваць $15 млн. Якія замкі адновяць да 2018 году?

13 беларускіх замкаў закране маштабная праграма аднаўленьня спадчыны «Замкі Беларусі», што разьлічаная на сем гадоў. Праз аднаўленьне архітэктурных цікавостак часоў Вялікага Княства Літоўскага беларускі ўрад і Міністэрства культуры спадзяецца прыцягнуць болей унутраных і замежных турыстаў.

Урад прызнаў, што ў Беларусі раней было «ня менш за 150 замкаў». Захавалася чацьвёртая частка. Актыўна аднаўляць яе (калі ёсьць што) ці хаця б кансэрваваць (каб захаваць) пачнуць з 2012 году.


Якія замкі адновяць да 2018 году

Часткова альбо цалкам адновяць Стары Гарадзенскі замак, замкі ў Лідзе, Любчы, Крэве, Быхаве, Наваградку, Глуску, а таксама палац у Ружанах. У Крэве, напрыклад, плянуюць аднавіць адну вежу, зрабіўшы ў ёй музэй, у Лідзе на выхадзе можа атрымацца зусім новы будынак, а ў Быхаве нешта зьявіцца, калі знойдуць прыватныя сродкі.

Рэшткі некаторых замкаў, дзе аднаўляць, збольшага, ужо няма чаго, пакуль закансэрвуюць і будуць паказваць турыстам. Так зробяць у Геранёнах і Гальшанах.

Таксама ў бліжэйшыя гады плянуецца скончыць працы па рэканструкцыі адных з найбольш наведвальных беларускіх помнікаў: Нясьвіскага і Мірскага замку. Там архітэктары і будаўнікі ўважлівей прыгледзяцца да паркаў і гаспадарчых будынкаў.

У 2.5 разы меней грошай, чым плянавалася


Гэтак будзе выглядаць Лідзкі замак празь некалькі гадоў. Фота lida.info

Праграма — адзін з галоўных вынікаў працы Паўлаў Латушкі на пасадзе міністра культуры — у выніку доўгага ўзгадненьня ва ўрадзе ў крызысны год аказалася значна ўрэзанай. Гэтак, улетку Міністэрства культуры меркавала патраціць на беларускія замкі 313 млрд. рублёў. А атрымала ад ураду толькі 131 млрд. — амаль ў 2.5 разы меней.

Самым дарагім беларускім замкам аказалася… Менскае замчышча, музэй на месцы якога плянуюць узьвесьці на Нямізе. На будаўніцтва замчышча пойдзе амаль палова праграмы — $7.35 млн. Нямала будуць каштаваць працы і ў Крэўскім замку. Што атрымаецца зрабіць у будаўнікоў з былым «офісам» Кейстута, у беларусаў будзе магчымасьць праверыць ужо ў 2015 годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1311 seconds.