Бабруйск: горад кашэрнага зэфіру

Больш пакрыты стэрэатыпамі і аблеплены мянушкамі горад цяжка ўявіць. Яшчэ цяжэй убачыць у любым сучасным буйным беларускім горадзе нешта жывое і старое. У Бабруйску, на мой погляд, зрабіць гэта вельмі лёгка. Туды чарговае «ПраДарожжа» Generation.bY.

Чым яшчэ быць вядомым Бабруйску, як не векапомным бабром? Яны тут паўсюль: стаяць у выглядзе помнікаў, чарнеюць на сьценах пяціпавярховак бляклым графіці, нават гарадзкі партал Бабруйска завецца bobr.by.

Агляд Бабруйска можна пачаць і, уласна кажучы, скончыць, бабруйскай крэпасьцю. Бо каб палазіць па ўсіх яе закінутых бастыёнах, казармах і жылых карпусах, спатрэбіцца цэлы дзень.

Але бабруйчане ганарацца, у першую чаргу, ня гэтай, ужо дастаткова пабітай калі не войнамі, дык мясцовымі, крэпасьцю, а пешаходнай вуліцай Сацыялістычнай, што пачынаецца ля пакрытага рознакаляровымі вянкамі, быццам індыйскі нябожчык перад адпраўленьнем ў вогнішча, савецкага танка, і сканчаецца, канешне ж, Бабром. Дакладней, помнікам яму.

Бабры ў Бабруйску інтэлігентныя, у шляпах. І зь кіем. Стыль вопраткі Бабра — XIX стагодзьдзя. Стыль як спасылка на часы росквіту гораду — пачатак пазамінулага стагодзьдзя, калі расейскі імпэратар Аляксандр І вырашыў пабудаваць на Беразіне моцныя абарончыя ўзбудаваньні. У выніку стары Бабруйск сышоў у нябыт, рысы гораду моцна перакроілі, а ўсе мяшчане, у тым ліку і мясцовыя габрэі, якія ўжо тады складалі моцную грамаду ў горадзе, пачалі чарговы пераезд. На гэты раз, недалёка — у прадмесьці.


Вуліца Сацыялістычная нядаўна стала пешаходнай

Купчыха Кацнэльсон, жонка прэзідэнта і кашэрны зэфір

Наступныя глябальны пераезд чакаў бабруйскіх габрэяў толькі ў ХХ ст. Цяпер тут жартуюць: «Палова ўсіх дзяржаўных дзеячаў Ізраіля з Бабруйску».

Разьехаўшыся па ўсім сьвеце і скарыўшы яго, бабруйчане і іх нашчадкі вяртаюцца сюды пераможцамі: напрыклад Кадзіш Луз стаў сьпікерам ізраільскага парлямэнту, а простая дзяўчына з Бабруйску Рахель Шазар-Кацнэльсон ажанілася на простым хлопцы са Стоўбцаў, які пасьля стаў прэзыдэнтам Ізраілю.

Вакол цэнтральнага рынку захаваліся дзесяткі кварталаў магутнай цаглянай забудовы. Раскоша гэтай забудовы вылучае Бабруйск зь бязьлікай масы вялікіх гарадоў. Сярод хат можна знайсьці 5 сынагог, якія цяпер выкарыстоўваюцца як моладзевы клюб, крама, офіс… Толькі адну (на вуліцы Сацыялістычная, 36) вярнулі габрэйскай грамадзе.

Яшчэ адзін цікавы дом, драўляная сядзіба купчыхі Кацнэльсон (калісьці самае распаўсюджанае прозьвішча ў горадзе) (Інтэрнацыянальная, 25), а цяпер бібліятэка, вылучаецца на адной з галоўных вуліц гораду трапнымі вежам і разьбянымі вокнамі.


Дом купчыхі Кацнэльсон

Хаця міт пра надзвычайнаю «габрэйскасьць» Бабруйску — праўда толькі часткова. У ХVII ст. габрэі ня былі найбольшай па памерах абшчына гораду. Толькі ў час расейскага панаваньня з увядзеньнем «мяжы аседласьці» за першыя 40 год 19 ст. колькасьць габрэяў узрасла больш чым у 9 разоў. І гэта не было выключнай зьяваю на прасторах былога ВКЛ. У той жа Любані на 1897 г. габрэі складалі амаль 96% насельніцтва.

«Красный пищевик» — знакамітая ў савецкія часы фабрыка кандытарскіх вырабаў. Зэфір кампаніі нават атрымаў ад Ізраільскага ўраду спэцыяльны знак кашэрнасьці. Таму мясцовы зэфір яшчэ і кашэрны.

Касьцёл-абшчага

Толькі дзеля апісанай ніжэй зьявы варта ехаць у Бабруйск. Тут нэагатычны касьцёл пачатку ХХ ст. літаральна ўціснуты ў цагляную хрушчоўку. Адчуваньні ад гэтага відовішча параўнальныя зь сюррэалізмам Далі. Ці фільмам жахаў.

У савецкія часы, калі касьцёлы і цэрквы рупліва зьнішчаліся, касьцёл Дзевы Марыі ўратавалі толькі тым, што разбурылі яго пярэднюю вежу і замест яе ўзьвялі пяціпавярховік інтэрната. Касьцёл стаў нябачны з вуліцы.

Цяпер частка будынку, якая захаваліся пасьля злучэньня з інтэрнатам, выкарыстоўваецца як касьцёл. Таму разам ля ўваходу ў касьцёл знаходзіцца офіс мабільнай кампаніі і банкамат.

Застаецца толькі паспачуваць дзецям, якія расьлі і гуляліся ў двары касьцёла: для іх гэты дзіўны сымбіёз стаўся будзённасьцю (Кастрычніцкая, 121).

Яшчэ ў Бабруйску некалькі прыгожых і цікавых цэркваў (як Белая царква на вуліцы Карбышава, 4 альбо Нікалаеўскі сабор ва вуліцы Савецкай, 76). Іх таксама архітэктары былі вымушаныя ратаваць у савецкія часы ад зьнішчэньня. Уратавалі.

Старая крэпасьць і новы палац

Калі кіравацца ўздоўж вуліцы Маркса на ўсход гораду ў бок Беразіны, праз некалькі сотняў мэтраў ад Сацыялістычнай вас чакае галоўная фішка гораду — Бабруйская крэпасьць, дакладней, рэшткі яе абарончых збудаваньняў, зьмяшаныя з казармамі кінутай некалькі год таму вайсковай часткі і нядаўна ўзьведзеным лядовым палацам.

У радыюсе калі 2 км. даволі нядрэнна захаваліся тузін абарончых і жылых будынкаў: рэдутаў, вежаў, казармаў, цэйнгаўзаў. Па ім зь вялікім задавальненьнем лазяць дзеці, а дарослыя жыхары ня супраць разьбіць пікнік адразу ў 20 мэтрах ад абвугленых вокнаў і забітымі наглуха ўваходаў казармаў.

На цэнтральнай плошчы захаваўся езуіцкі касьцёл ХVIII ст.

Як і любы іншы значны помнік, бабруйская крэпасьць унесеная ў сьпіс культурных каштоўнасьцяў. Але гэта не перашкодзіла ўладам даць дазвол на будоўлю адразу па сярэдзіне крэпасьці на былых могілках вялізнага лядовага палацу, які з-за сваёй арыгінальнай формы завуць «лятаючай талеркай». Пасьля гэтага крэпасьць пачалі распрадаваць па частках:

«Цяпер аб’екты Бабруйскай крэпасьці распрадаюцца нават без аўкцыёну. Яны кропкава распыляюцца, амаль няма кантролю, што зь імі адбываецца. І гэта пры тым, што крэпасьць знаходзіцца ў тым самым сьпісе дзесяці помнікаў, якім гарантавана асаблівая ўвага дзяржавы», — кажа гісторык Антон Астаповіч.

Яшчэ ў дакрызысныя часы плянавалася вялікая рэканструкцыі крэпасьці. Але як пасьля такога распродажу можна правесьці комплексныя работы па аднаўленьні крэпасьці, чыноўнікі не камэнтуюць.

Калі вы зьбіраецеся даcканала дасьледаваць некалькі рэдутаў, варта захапіць ліхтарык.

Як даехаць

Чыгунка і аўтобусы з Менску да вашых паслугаў.

Ад Бабруйска да Менска 150 км.

 Мапа рэгіёну

Бабруйск - нядрэнны пункт для пачатку вандроўкі ў Красны Бераг і Жылічы

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава і іншыя.

Аўтары фота Алесь Bezuher, Erica Nightmare, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0947 seconds.