Працадаўцы ня бачаць вялікай розьніцы паміж магістрам і бакаляўрам

Студэнты з навуковай ступеньню «магістар» ня маюць вялікіх перавагаў на рынку працы параўнальна з уладальнікамі дыплёму бакаляўра. Камень у агарод прыхільнікаў Балоньскай сыстэмы кінулі навукоўцы зь Дзюсэльдорфу (Нямеччына).

Як паведамляе Deutsche Welle, навукоўцы апыталі прадстаўнікоў аддзелаў кадраў розных нямецкіх кампаній. Высьветлілася, што 86% зь іх ня бачаць вялікага адрозьненьня паміж магістрам і бакаляўрам пры пошуку кандыдатаў на працу.

Згодна з Балоньскай сыстэмай, якая ня ўведзеная ў Беларусі, магістры вучацца на два гады больш за бакаляўраў. Але, як бачна, тое ня надта ўплывае на ўзровень зарплаты магістраў: згодна з дадзенымі дасьледчыкаў Вышэйшай прафэсійнай школы Дзюсэльдорфу, розьніца ў заробку з бакаляўрамі адсутнічае ў 70% кампаній. Акрамя таго, шанцы на кар’ерны рост, звычайна, ва ўладальнікаў розных навуковых ступеняў не адрозьніваюцца.

У рамках дасьледаваньня быў таксама праведзены аналіз абвестак пра прыём на працу. Канешне ж галоўны крытэр пры прыёме на працу — досьвед. А вось навуковая ступень — толькі трэцяя па значнасьці пазыцыя, на якую глядзяць патэнцыйныя працадаўцы. Нашмат больш за ступень, як тое ня дзіўна, у Нямеччыне мае значэньне падсумаваньне адзнакаў дыплёму.

У рамках Балоньскага працэсу ўсе эўрапейскія вышэйшыя школы мусяць да 2010 году перайсьці на новую ўніфікаваную структуру са ступенямі «бакаляўр» і «магістар». Беларусь — адзіная краіна Эўропы, якая не далучылася да Балоньскага працэсу. Згодна са словамі міністра адукацыя Аляксандра Радзькова, Міністэрства адукацыі працуе «над тым, каб афіцыйна ўвайсьці ў Балоньскі працэс».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.