Галяндзкая журналістка дасьць слова беларускаму пакаленьню Чарнобылю

«Беларусь у Нідэрляндах амаль ня ведаюць. Пачынаючы ад калькаванага назову і сканчаючы ўяўленьнем, што гэта далёкая Расея, нейкая частка Сыбіры, заваленая сьнегам. Залішне казаць, што пра наступствы Чарнобылю для гэтай краіны ў Нідэрляндах амаль нічога не вядома», — распавядае Generation.bY галяндзкая журналістка Франка Хумэлс, якая днямі прыехала ў Беларусь пісаць кнігу пра беларускую моладзь і Чарнобыльскую катастрофу.

Маладая галяндзкая журналістка Франка Хумэлс прыехала ў Беларусь спэцыяльна для таго, каб напісаць кнігу пра беларускую моладзь, што нарадзілася і жыве ў рэаліях пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Кніга, па яе словах, стане першым вялікім публіцыстычным творам у Галяндыі, а, магчыма, і ва ўсёй Заходняй Эўропе, які будзе распавядаць пра Беларусь у кантэксьце Чарнобылю.

Франка Хуммэлс

Франка хоча зразумець, як адбілася катастрофа на пакаленьні Y, на тых, хто 26 красавіка 1986 году быў, як і яна сама, альбо ва ўзросьце пачатковай школы, альбо ўвогуле не нарадзіўся.

«Я хачу даведацца, што гэта пакаленьне думае пра Чарнобыль, ці цікавіцца яно наступствамі катастрофы, і адкуль людзі бяруць інфармацыю, калі хочуць нешта ведаць пра радыяцыю».

Заплечнік з надпісам «Sport», акуляры і дапытлівы погляд журналісткі. Яе вялізны сшытак фармату А4 імкліва запаўняецца нататкамі і кавалкамі размоваў зь дзесяткамі маладых людзей Беларусі.

Франка мае вялікія пляны, поўная энэргіі і энтузіязму. Доўгая падрыхтоўка дома, у Нідэрляндах, пасьля атрыманьне візы і акрэдытацыі ад беларускага МЗС, і вось, нарэшце, Беларусь. У яе плянах наведаць Брагін, Хойнікі, забруджаныя тэрыторыі ва Ўкраіне.

«Я доўгі час працавала ў Лёндане карэспандэнтам галяндзкай газэты. Даўнінг Стрыт, сусьветная эканоміка, палітыка. Даволі прэстыжная і цікавая праца. Але штодзённая руціна паступова надала імпэт падумаць пра іншыя сфэры. Цяпер я хачу рэалізаваць сябе як пісьменьнік, але ўсё яшчэ застаюся журналісткай».

Франка Хуммэлс

«Першы раз я трапіла ў Беларусь у 1999 годзе, калі праяжджала ў цягніку празь Менск у Піцер. Тады я ня ведала, што Беларусь увогуле існуе».

З тых часоў Франка адкрыла для сябе нашу краіну. Цяпер журналістка дапамагае галяндцам таксама зрабіць гэта:

«Беларусь тут амаль ня ведаюць. Пачынаючы ад калькаванага назову і сканчаючы ўяўленьнем, што гэта далёкая Расея, нейкая частка Сыбіры, заваленая сьнегам. Залішне казаць, што пра наступствы Чарнобыля для гэтай краіны ў Нідэрляндах амаль нічога не вядома. Украіна — так, калі ласка! Але Беларусь і тое, што 30% яе тэрыторыі забруджаныя радыяцыяй, не прыгадваецца».

Францы было восем год у дзень катастрофы:

«У тыя дні ў Швэцыі ўзьнялася вялікая паніка, зьвязаная зь інфармацыяй пра магчымы радыёактыўны выбух у Савецкім Саюзе. Швэцыя праінфармавала ўсе краіны ЭЗ пра гэта. І ў нас, у Галяндыі, быў арганізаваны спэцыяльны антыкрызысны штаб. Зьявілася інфармацыя пра магчымыя радыёактыўныя дажджы. Працавалі сотні тэлефонных лініяў. Шмат людзей былі напужаныя».

Зараз галяндцы вельмі добра памятаюць Чарнобыль. І стаўленьне да атамнай энэргіі ад гэтага ў краіне насьцярожанае.

«Але мая мэта — ня выказвацца „за“ ці „супраць“ атамнай энэргіі. Я не палітык — я журналіст. Я проста хачу распавесьці пра меркаваньні людзей на гэта пытаньне».
«Мая кніга — гэта не навуковае дасьледаваньне. Гэта кніга пра тое, што людзі думаюць і адчуваюць зараз».

Журналістка ўжо пасьпела сустрэцца і паразмаўляць з самымі рознымі людзьмі: тымі, хто нарадзіўся ў зоне максымальнага забруджваньня, але зараз жыве ў Менску, і тымі, хто, магчыма, ніколі ня быў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях. Але ёй цікава меркаваньне кожнага.

Калі вы хочаце ўзяць удзел у яе праекце, зьвяртайцеся да Франкі праз e-mail: franka.hummels @ gmail.com.

Кніга выйдзе ў сьвет на галяндзкай мове ў 2011 годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0745 seconds.